Навёрстваючы ўпушчанае


У сярэдзіне бягучага года ў няпростую сітуацыю трапіў калектыў Хойніцкага завода гідраапаратуры. Прадпрыемства ўваходзіць у структуру Мінскага трактарнага завода і пастаўляе на галоўны канвеер МТЗ 28 відаў камплектуючых вырабаў. Аднак ва ўмовах сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу рэзка знізіліся аб’ёмы вытворчасці на трактарным і патрэбнасць у прадукцыі хайнічан скарацілася з 85 да 30%.

Адзіным выхадам з гэтага становішча для хойніцкіх машынабудаўнікоў стала асваенне выпуску новых відаў прадукцыі, што і было зроблена. У кастрычніку-лістападзе завадчане перайшлі на вытворчасць прычапных устройстваў, здвоеных фільтраў і іншых вырабаў для энерганасычаных трактараў МТЗ. У выніку тэмпы росту аб’ёму вытворчасці за лістапад склалі 141% у параўнанні з лістападам 2008 года.

Яшчэ больш яны ўзрастуць у апошнім месяцы года: запланаваны рубеж у 250-280% да ўзроўню снежня 2008 г. Такім чынам прадпрыемства плануе пакрыць панесеныя на працягу года страты ад скарачэння вытворчасці і выйсці на выніковую гадавую лічбу – 103 працэнты да ўзроўню 2008 года.

Характэрна, што прынятыя меры станоўча адбіліся і на росце заработнай платы: у лістападзе ў сярэднім па заводу яна перавысіла 700 тысяч рублёў. А найбольш кваліфікаваныя рабочыя атрымліваюць і па 1 мільёну 200 тысяч рублёў.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *