У прыярытэце – здаровы лад жыцця

Людзі і лёсы

IMG_3072Што б ні гаварылі сёння аб крызісе сям’і, але заўсёды былі і будуць на зямлі каханне, шлюб, двое, якім добра тады, калі вакол іх дзеці, родныя людзі. Ва ўсе часы чалавек ратаваўся ад жыццёвых віхур і ўдараў лёсу у харошай сваёй сям’і. Тут была яго апора, яго глеба, яго выратаванне ад адзіноты і падтрымка ў старасці. Сям’я – тая галоўная ячэйка і той падмурак, на якім трымаецца свет.

Цяпер часта можна пачуць, што лепей за сям’ю маральная і фізічная свабода. Але ж хто, калі не сям’я, вучыць нас працаваць, любіць сваю справу, пераадольваць цяжкасці, дасягаць намечанай мэты? Хто, калі не маці або бацька, стварае ўтульную абстаноўку ў доме, хто сее ўпэўненасць, што ў цябе ўсё атрымаецца, што ты жаданы і патрэбны чалавек?

Знаёмства жыхара нашага горада Ігара Грыгаровіча з чарнявай прыгажуняй Любай адбылося на дыскатэцы ў вёсцы Клівы, дзе яна нарадзілася і вырасла, і дзе было многа радні ў юнака. Ужо з першых мінут ім было настолькі добра разам, быццам яны ведалі адзін аднаго цэлую вечнасць.
– Мы прагаварылі амаль цэлую ноч, – успамінае Ігар Валер’евіч, – і не маглі нагаварыцца, хаця, як потым высветлілася, у нас не так многа было агульных тэм для размовы.

Напэўна, з таго самага вечара анёлы на нябёсах адкрылі цудоўную кнігу іх кахання, у якую сям’я Грыгаровіч упісвае радок за радком вось ужо амаль 20 гадоў. Перад тым, як засылаць сватоў, Ігар Валер’евіч вельмі сур’ёзна спытаў сваю будучую жонку, ці надоўга яна сабралася за яго замуж. Адказала Любоў Васільеўна, гледзячы прама ў вочы: на ўсё жыццё.

Жывуць Грыгаровічы дружна, усюды разам, іх сямейная біяграфія простая на першы погляд. Але за ёю шмат працавітасці, цярпення, мудрасці жонкі, увішнасці мужа. Ігар Валер’евіч, вадзіцель па прафесіі, працуе ў раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. Любоў Васільеўна – памочнік выхавальніка ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці г. Хойнікі. На самае простае, здавалася б, пытанне: хто галоўны ў сям’і, яна адказала: «Мы з мужам ніколі не задумваліся аб вызначэнні галоўнага сярод нас – мы дзве палавінкі аднаго цэлага».

А Ігар Валер’евіч дадаў: «Мы жывём па біблейскім запавеце, які заклікае шанаваць сваіх бацьку і маці, бо радаслоўная – гэта каштоўныя сасуды: што выліваецца з аднаго, уліваецца ў другі, потым у трэці, і так бясконца, пакуль існуе жыццё на зямлі. Навучаем гэтаму мудраму запавету і сваіх дзяцей – прадаўжальнікаў генеалагічнага дрэва».

Наконт таго, мець аднаго або некалькіх дзяцей, пытання нават не ўзнікала. Ва ўсялякім разе абодва схіляліся да апошняга, нягледзячы на тое, што ў Ігара Валер’евіча толькі адна сястра, а Любоў Васільеўна вырасла ў сям’і, у якой было сямёра дзяцей.
Вядома, калі сям’я вялікая, то дзеці цягнуцца адзін за адным, малодшыя вучацца ўсяму добраму ад старэйшых. Такое адзінства і ўзаемаразуменне можна пабачыць і ў сям’і Грыгаровіч.

Сын Максім і дачка Дар’я перанялі ад свайго бацькі захапленне спортам. У свой час Ігар Валер’евіч займаўся барацьбой дзюдо пад кіраўніцтвам трэнера Канстанціна Уладзіміравіча Чарнюка. І калі сын навучаўся ў другім класе, завёў яго на заняткі барацьбой да трэнера ДЮСШАР г. Хойнікі Алега Маратавіча Лук’яненкі, з якім разам хадзілі на трэніроўкі ў спартыўную залу «Дынама» пры Доме культуры «Меліяратар». А праз восем месяцаў займацца барацьбой дзюдо стала і маладзейшая на год дачка Дар’я.

– Такіх бы дзетак, ды пабольш, – дзеліцца першы трэнер брата і сястры Грыгаровіч. – Дар’я вельмі патрабавальная да сябе, на трэніроўках выкладваецца на ўсе сто. Пятнаццацігадовая дзяўчынка з’яўляецца ўжо двухразовай чэмпіёнкай Беларусі па барацьбе дзюдо і шматразовым прызёрам. Максім – неаднаразовы прызёр Рэспублікі Беларусь. Абодва – кандыдаты ў майстры спорту па гэтаму віду спорту. Рэгулярна траплялі ў склад зборнай каманды Гомельскай вобласці на спаборніцтвы па дзюдо рознага рангу. Максім нядаўна стаў бронзавым прызёрам на міжнародным турніры, які праводзіўся ў Латвіі, а Дар’я была пераможцай першынства Рэспублікі Беларусь па барацьбе дзюдо сярод ДЮСШ з удзелам юнакоў і дзяўчат 1999-2000 гадоў нараджэння.

Выхаванцы трэцяй гарадской сярэдняй школы, брат і сястра Грыгаровіч зараз навучаюцца ў Гомельскім вучылішчы алімпійскага рэзерву. Максіма трэніруе Алег Іванавіч Майчанка, а Дар’ю – наш знакаміты зямляк, старшы трэнер Гомельскай вобласці па жаночаму дзюдо Сяргей Пятровіч Кухарэнка.
Муж і жонка Грыгаровіч заўсёды «трымаюць кулачкі», калі дзеці выязджаюць на спаборніцтвы, а тыя пасля заканчэння паядынкаў адразу паведамляюць па тэлефоне аб дасягнутых выніках.

Што ж, мне застаецца толькі пажадаць здароўя Ігару Валер’евічу і Любові Васільеўне Грыгаровіч. Няхай дабіваюцца спартыўных рэкордаў Максім і Дар’я, а малодшая дачушка Марыя, якой дзевяць гадоў, адорвае ўсіх сваёй бязмежнай пяшчотай.

Клаўдзія БОСАК.
Фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *