16 сакавіка ў гонар Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 14 вучняў гарадскіх школ ва ўрачыстай абстаноўцы атрымалі свае першыя пашпарты. Мерапрыемства прайшло ў рамках рэспубліканскай акцыі БРСМ «Мы – грамадзяне Беларусі!».
Святочную цырымонію правялі ў зале раённага краязнаўчага музея з удзелам дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь С.У. Чэкан і старшыні раённага Савета дэпутатаў Г.В. Бондар, якія ўручылі 14-гадовым рабятам дакументы, пацвярджаючыя статус паўнапраўных грамадзян краіны, і памятныя падарункі (на здымку).
Да віншаванняў далучыўся і старшыня раённага савета ветэранаў В.С. Васькевіч, а шаноўны госць гэтай падзеі, ветэран Вялікай Айчыннай вайны С.А. Акуленка пажадаў рабятам быць дастойнымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь. Музычны падарунак прыпаднесла ўдзельніца мастацкай самадзейнасці цэнтра культуры г. Хойнікі Марыя Дубінко.
Дарэчы, напярэдадні Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у Гомельскім грамадска-культурным цэнтры адбыліся абласны ўрачысты прыём і ўручэнне нацыянальных пашпартаў адораным школьнікам Гомельскай вобласці. У іх ліку была і вучаніца сярэдняй школы № 3 г. Хойнікі Крысціна Лушчай. Акрамя галоўнага дакумента, 35 юнакоў і дзяўчат атрымалі па ілюстраванай кніжцы «Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь».
Тэкст і фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.