Кладуцца новыя барозны…

Сельское хозяйство

DSC_0242Эксбаза «Стралічава» – адна з тых гаспадарак, у якой рыхтавацца да веснавой сяўбы пачалі яшчэ з мінулай восені.

Старанна паставілі на зімовае захоўванне сельскагаспадарчую тэхніку, потым належным чынам адрамантавалі ўсе тэхнічныя сродкі, якія мелі ў гэтым патрэбу. Гэтак жа старанна падрыхтавалі насенны матэрыял: ачысцілі яго ад прымесяў, пратруцілі, і ў гэтыя цёплыя веснавыя дзянькі ў глебу кладзецца толькі адпавядаючае ўсім кандыцыям семя. Акрамя свайго насеннага матэрыялу, будзе высеяна і 20 тон насення суперэліты ячменю, аўсу і пшаніцы, набытага ў Доўскім дзяржнасенгасе.

Між тым, пасяўныя плошчы яравых збожжавых культур у эксбазе – самыя вялікія ў раёне: 1250 гектараў, з якіх 860 га зойме ячмень, 280 – пшаніца і 110 – авёс. Пад усе гэтыя плошчы ўносяцца мінеральныя і арганічныя ўгнаенні, а потым да непасрэднай падрыхтоўкі глебы да сяўбы прыступаюць самыя вопытныя і спрактыкаваныя аратыя. Адзін з іх – Аляксандр Мікалаевіч Дрончанка. Не злічыць, колькі ўжо пасяўных і ўборачных кампаній правёў на самай рознай тэхніцы. А сёння ён займаецца падрыхтоўкай глебы на сваім магутным «Кіраўцы» К-700 з культыватарам КФУ-7,2. На падрыхтоўцы глебы заняты і дзве «трыццаткі» – трактары МТЗ-3022 з дыскатарам АПД-7,5.

Адзін з іх працуе ў дзве змены: у першую – машынай кіруе Юрый Вячаслававіч Шрамко, а вечарам надыходзіць чарга сядаць за руль Ігару Рыгоравічу Назаранку. На другім МТЗ-3022 падрыхтоўкай глебы займаецца Андрэй Анатольевіч Каранда.

DSC_0245Спорыцца работа і ў сейбітаў Юрыя Мікалаевіча Дрончанкі (ён працуе на трактары МТЗ-3022 з АПД-6М) і Уладзіміра Мікалаевіча Савянка (трактар МТЗ-1221 з сеялкай СПУ-6). Ім таксама вопыту не займаць, а таму штодзённа перавыконваюць яны даведзеныя заданні, і ўсё новыя і новыя, акуратныя і роўныя, як нацягнутая струна, барозны кладуцца на ўзараную зямлю.
Сяўбу збожжавых у гаспадарцы плануюць завяршыць, як і належыць, у першых днях красавіка. А потым ушчыльную зоймуцца сяўбой кукурузы. Улічваючы, што гэтая культура любіць арганіку, на плошчах, пад яе адведзеных, ужо прыступілі да ўнясення арганічных угнаенняў. Дарэчы, у гэтым годзе кукуруза ў эксбазе зойме большую частку плошчаў, на якіх з восені быў пасеяны азімы рапс. Прычына простая – з 650 гектараў гэтай культуры ў нармальным стане пасля зімоўкі засталося не больш чым 70 га.

Адсутнасць снежнага покрыва самым негатыўным чынам адбілася на стане пасеваў азімага рапсу, яны банальна вымерзлі. Гэтая ж праблема, але ўжо ў не такой вострай ступені, датыкнулася і стану пасеваў азімых збожжавых культур. Пасля зімы яны выглядалі слабымі і кволымі, але ўсё ж прыдатнымі для далейшага вырошчвання. Неабходна толькі своечасова і ў поўным аб’ёме заправіць іх мінеральнымі дабаўкамі, што і робіцца сёння ў гаспадарцы. Акрамя таго, калійнымі ўгнаеннямі тут ужо падкормлены ўсе сенакосы і пашы, на чарзе іх падкормка азотнымі тукамі.

Для эфектыўнай і плённай работы людзей у гаспадарцы створаны ўсе ўмовы. У дастатковай ступені хапае дызельнага паліва, прама ў поле два разы ў дзень дастаўляюцца гарачыя абеды. А тым, хто працуе ў начныя змены, выдаецца сухі паёк.

Адным словам, на веснавых палявых работах у эксбазе «Стралічава» ўсё складваецца як у той добрай прымаўцы: хто дбае – той і мае.

Віктар НАЗАРАНКА.
Фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *