Паступова выйшлі веляцінцы з-пад крытыкі, якая датычыла нізкіх тэмпаў падрыхтоўкі глебы да сяўбы. Як і іншыя, яны задзейнічалі дыскатары ў дзве змены. У гэтым зацікаўлены і самі механізатары, бо да аб’ёмаў выкананых работ прывязана і іх зарплата.
Са світання да позняй ночы на палях механізатар КСУП «Веляцін» Сяргей Яромчык (на здымку злева). Яго працоўная змена складае 14 гадзін у суткі! Ну як было не пазнаёміць чытачоў з такім стаханаўцам? Яго кандыдатуру нам падказаў кіраўнік сельгаспрадпрыемства А.В. Яськоў, падкрэсліўшы, што вельмі цэніць такія маладыя кадры. Калі яны жадаюць працаваць ва ўсю моц, зарабляць грошы, трэба даць ім такую магчымасць.
Матывацыя складанай працы Сяргея Яромчыка – любімая сям’я, а гэта жонка Алена, якая ўзначальвае мясцовы СДК, і 5-гадовы сыночак Ягор.
Тэкст і фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.