Жыцця вам салодкага, як мёд Цімафеевіча

Вёсачка мая

10Сакавік поўніць наваколле яркімі фарбамі і пахам вясны. Зелянее трава, прачынаецца лес, птушкі вяртаюцца з выраю, з бяроз цячэ сок. Дарэчы, ад слова «сок» і пайшла назва першага месяца вясны… Мы зноў у дарозе. На гэты раз спяшаемся на спатканне з вёскай Тунеўшчына. Колькі прыгожага, добрага і пяшчотнага ў сэрцы абуджаюць вясна і новыя знаёмствы з вяскоўцамі!

4Першыя, каго сустрэлі – сямейная пара Барысенка. Мы з вадзіцелем павольна ехалі па вёсцы, азіраючы яе ваколіцы, і раптам нашу ўвагу прыкавалі цікава ўпрыгожаныя вуллі. Высветлілася, што гэта мядовае царства Міхаіла Цімафеевіча – пчаляра з саракагадовым стажам. Першыя дзве сям’і пчол яму падарылі на вяселле ў 1973 годзе, з таго часу ён і пасябраваў з гэтымі сімпатычнымі насякомымі. Пакуль размаўлялі з мужчынам, пчолкі аблюбавалі мой блакнот, і калі я нешта занатоўвала, яны гулялі ў даганялкі з ручкай. Гэта выклікала ўсмешкі.
Міхаіл Барысенка – карэнны жыхар. Лёс закідаў яго ў розныя гарады, але больш за дзесяць гадоў назад вярнуўся на радзіму. І не шкадуе.

8Ён інвалід другой групы. Калі з жонкай жылі ў Калінкавічах, «хуткую дапамогу» даводзілася выклікаць тройчы на тыдзень, а тут – адзін раз у паўгода. Вось якія ў вёскі гаючыя ўласцівасці. Мужчына ўстае ў пяць гадзін раніцы, і ідзе паціху завіхацца па гаспадарцы. Зазначае, што рухаецца – значыць жыве. Наогул гэта вельмі працавітыя людзі. Маюць свой трактар, клапатліва апрацоўваюць зямлю. Летам іх дом выгадна адрозніваецца вялікай колькасцю кветак. Тут цэлыя палотны цюльпанаў, аксамітак, руж, півонь.

5Жонку Жанну Аляксееўну мы заспелі ў двары, яна саграбала сухое лісце. Суседні дом знеслі, і Барысенкі вырашылі на гэтым селішчы разбіць яблыневы сад. Зараз актыўна наводзяць тут парадак. Жанчына, усміхаючыся, гаворыць, што яна, як дэкабрыстка, – усюды следам за мужам. Не мясцовая, родам са Светлагорскага раёна, але прыкіпела ўжо душой да Тунеўшчыны. Працуе загадчыцай на мясцовай ферме па адкорму жывёлы.

1Мае суразмоўцы ўзгадалі, што раней, у пяцідзесятыя гады, у Тунеўшчыне налічвалася больш за чатырыста чалавек, нават у пачатку гэтага стагоддзя было больш за сто жыхароў, а зараз засталося толькі трыццаць шэсць. Меліся тут пачатковая школа, клуб, ферма, канюшня, лазня, дзіцячы сад… А зараз засталіся толькі магазін і ўспаміны. Праўда, і магазін паўтара месяца не працаваў – ездзіла аўталаўка, але па просьбе жыхароў тыдзень назад крама ўзнавіла работу, цяпер тут можна закупіцца з 10.00 да 13.30. Стала зручней.

9Хаця ў жыцці ж як: адно знікае, іншае з’яўляецца. Вось і Тунеўшчына сёння можа пахваліцца сучасным малочнатаварным комплексам. Аб такіх умовах работы раней і не марылі. Наталля Аляксееўна Сянько і Святлана Васільеўна Шчэрбін працавалі ў калгасе і цяпер узгадваюць, як было складана. Але неяк усё паспявалі: і працавалі не пакладаючы рук, і адпачывалі дружна. Прастольнае свята ў Тунеўшчыне – Каляды. Не заставалася ніводнага двара, у які б вечарам 13 студзеня не зайшлі калядоўшчыкі з пажаданнямі шчасця, здароўя і дабрабыту. Шчырыя і ветлівыя гаспадары адорвалі гасцей смачнымі пачастункамі, запрашалі да святочнага стала.

2Я з захапленнем слухала Наталлю Аляксееўну і Святлану Васільеўну. Яны расказалі і пра стравы, якія гатавалі ў печы, і пра хор, які ездзіў у Мінск спяваць на юбілей Івана Мележа, бо ў яго склад уваходзілі спявачкі з Тунеўшчыны. Гаварылі і пра тое, як калісьці жанчыны прыгожа шылі, вязалі і вышывалі. Са шкадаваннем зазначалі, што не засталося ў вёсцы моладзі. І нават, усміхаючыся, канстатавалі, што не купляюць ужо адзенне, бо ад яго і так ужо ломяцца шафы. Уздымалі і праблемы, напрыклад, у доме сям’і Давыдчык моцна цячэ дах, ім патрэбна дапамога ў рамонце.
Наша размова была доўгай і цікавай. І, ведаеце што, часцей гаварыце па душах – гэта сагравае! А нам пакуль якраз і не хапае вясенняга цяпла.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *