Адна бяда звязвае Беларусь з Краінай узыходзячага сонца. 6 і 9 жніўня 1945 года на заключным этапе Другой сусветнай вайны ўзброеныя сілы ЗША скінулі ядзерныя бомбы на японскія гарады Хірасіму і Нагасакі. У 1986-м у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС радыяцыя таксама стала ворагам нумар адзін для беларусаў. Японскімі медыкамі накоплены вялікі вопыт вывучэння ўздзеяння радыяцыі на арганізм чалавека, яны ахвотна дзеляцца ім з беларускімі калегамі.
Рэалізацыя сумеснага беларуска-японскага праекта “Тэлемедыцына” пачалася яшчэ 10 гадоў назад. Тады, у 1999-м, была ўкаранёна першая адукацыйная лінія – Гомельскі анкалагічны дыспансер злучылі тэлесістэмай з медуніверсітэтам горада Нагасакі. У 2005 годзе таксама пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Японіі аналагічны тэлемост “праклалі” паміж Гомельскім і Мінскім анкалагічнымі дыспансерамі.
На дасягнутым не спыніліся. Была пастаўлена мэта аснасціць навейшым сучасным абсталяваннем у галіне інтэрактыўнай дыстанцыйнай тэлеадукацыі медыкаў цэнтральныя бальніцы раёнаў, найбольш пацярпеўшых ад аварыі на ЧАЭС. Самым першым працягнулі руку дапамогі японцы хайнічанам – злучылі інфармацыйна-адукацыйнай тэлесістэмай Гомельскі дзяржаўны медуніверсітэт і Хойніцкую цэнтральную раённую бальніцу.
14 снежня сёлета тэлемост запрацаваў. У 10.00 медыкі Хойніцкай ЦРБ, сабраўшыся ў адным з кабінетаў сваёй установы аховы здароўя, у прамым эфіры змаглі прыняць удзел у канферэнцыі з калегамі з Гомельскага і Нагасакскага медуніверсітэтаў. Яны не толькі чулі адзін аднаго, але і бачылі на спецыяльных экранах.
Увазе прысутных была прадстаўлена кароткая інфармацыя аб Японіі, дэманстраваліся слайды, на якіх сучасны японскі горад Нагасакі выглядае прыгожым і ўтульным для работы і адпачынку. Аб трагедыі 1945 года нагадвае ў ім толькі музей, размешчаны побач з эпіцэнтрам выбуху атамнай бомбы. Яго адметнасць – 70 тысяч лямпачак у памяць аб загінуўшых у першыя паўгода пасля страшнай падзеі…
У сваім выступленні прафесар Нагасакскага медуніверсітэта, Ганаровы прафесар Гомельскага дзяржаўнага медуніверсітэта Набору Такамура зрабіў агляд стану здароўя насельніцтва Японіі, асабліва мацярынскага здароўя. Пасля чаго ўдзельнікі задалі яму цікавячыя пытанні.
Новае абсталяванне дапаможа хойніцкім медыкам у ранняй дыягностыцы захворванняў шчытападобнай залозы і назначэнні правільнага своечасовага лячэння, дадасць ім упэўненасці ў рабоце. У патрэбны момант у рэжыме рэальнага часу ўрачы, знаходзячыся на вялікай адлегласці, пры неабходнасці могуць наладжваць візуальны кантакт, раіцца, кансультавацца, абмяркоўваць узнікшыя праблемы пры лячэнні сваіх пацыентаў.
Ірына ЛУКАШЭНКА.
На здымках:
у час першага тэлемаста паміж Хойніцкай ЦРБ,
Гомельскім і Нагасакскім медуніверсітэтамі.