Мацнейшыя па праву

Спорт

Больш за дзвесце юных спартсменаў з Гомеля і раёнаў вобласці прынялі ўдзел у традыцыйным абласным турніры па барацьбе дзюдо на прызы неаднаразовага прызёра чэмпіянатаў свету і Еўропы, удзельніка Алімпійскіх гульняў у Сіднеі і Афінах, нашага земляка Сяргея Кухарэнкі. Гэтыя спаборніцтвы прайшлі 12 снежня ў спартыўнай зале Хойніцкай дзяржаўнай гімназіі.

Перад пачаткам спаборніцтваў адбылася ўрачыстая цырымонія ўзняцця Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь. Гэтае ганаровае права было прадастаўлена капітанам 11 каманд-удзельніц, а хайнічан пры гэтым прадстаўляў вучань СШ № 3 Іван Баляхін. Поспехаў, удачы і сумленнай барацьбы юным майстрам татамі пажадалі намеснік старшыні райвыканкома В.М. Шаўчэнка, галоўны суддзя спаборніцтваў, майстар спорту міжнароднага класа Рэспублікі Беларусь Э.С. Шпакаў і Сяргей Кухарэнка.

Па выніках каманднай барацьбы першае месца ўпэўнена занялі гаспадары залы. Выхаванцы трэнераў Алега Лук’яненкі і Уладзіміра Бордака набралі 56,5 бала, апярэдзіўшы каманды Гомельскага цэнтра алімпійскага рэзерву (у іх актыве 45 камандных балаў) і СДЮСШАР ВА “Гомсельмаш” (41).

У індывідуальным заліку пераможцамі турніру сталі Ігар Зотаў, Станіслаў Турчанок і Аляксандра Шкут. Прычым Аляксандры ў фінальным паядынку супрацьстаяла яшчэ адна хайнічанка – Крысціна Ярац.

Таксама чыста хойніцкім стаў фінальны паядынак у катэгорыі да 32 кілаграмаў, у якім Аляксандр Астрэйка перамог Максіма Грыгаровіча. Дыпломы другой ступені атрымалі Захар Бордак, Дар’я Грыгаровіч, Ксенія Будзько і Любоў Козыр. Трэція месцы па сваіх вагавых катэгорыях занялі Настасся Кузьменка, Антон Віннік, Павел Шырчанка, Іван Баляхін і Ягор Карась.

На турніры былі зацверджаны і два спецыяльныя прызы, якія таксама заваявалі нашы юныя землякі. Так, Станіслаў Турчанок заахвочаны прызам “За лепшую тэхніку барацьбы”, а Даша Грыгаровіч атрымала прыз, які высока цэніцца як у дарослым, так і ў юнацкім спорце – “За волю да перамогі”.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *