У праграме свята быў традыцыйны масленічны слуп з прызамі, вясёлыя забавы для дзяцей і дарослых, выступленні народных калектываў, бяспройгрышныя латарэі.
Гасцей частавалі румянымі гарачымі блінамі, духмянай гарбатай. Атмасферу свята стварала і выстава вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, майстар-класы, спартыўныя спаборніцтвы. Дзеткі трапна стралялі дроцікамі ў мішэнь, спаборнічалі ў перацягванні каната, спрытна кідалі мяч у кошык. Яшчэ адной забаўкай для іх стала катанне на конным возе. Малышня гучна смяялася, рассякаючы на ім па вуліцах горада.
Хлопцы настойліва залазілі на масленічны слуп, але скаралася яго вышыня не кожнаму. Наймацнейшымі аказаліся два хойніцкія волаты. Генадзій Дзекавец – адзіны хлопец, які дабраўся да вяршыні.Маладому чалавеку прадставілі на выбар аж тры каштоўныя прызы: бутэрбродніцу, прас, кававарку. Генадзій абраў кававарку. Другому хлопцу, Уладзіславу Крэйдзічу, не атрымалася пераадолець некалькі метраў да канца вышыннага слупа, аднак яму таксама ўручылі каштоўны прыз – пеўня і набор шклянак са збанам.
Самым яркім момантам свята стала спальванне пудзіла Масленіцы, якое сімвалізуе праводзіны зімы. Прыбраная лялька, набітая саломай, ярка палыхала, выклікаўшы сапраўднае захапленне ва ўдзельнікаў гуляння, асабліва ў дзяцей, якія тут жа пачалі вадзіць святочныя карагоды вакол.
Зіма сёлета зусім не жадае аддаваць кіраванне сваёй паслядоўніцы. Халодны вецер, які перыядычна нагадваў аб сабе, унёс свае карэктывы ў народнае свята. А прахалоднае надвор’е прымусіла ўсіх апрануцца цяплей. Але гэта не перашкодзіла ўсеагульнай весялосці. Правялі зіму і сустрэлі вясну ў райцэнтры па даўняму звычаю – шырока, весела, ветліва і сытна, улічваючы, колькі блінцоў прадэгуставаў народ.
Святлана ВАШЧАНКА.
Фота аўтара.