Апынулася ў пад’ездзе дома па вул. Калесніка, 2ж выпадкова. Зайшла літаральна на некалькі хвілінак па рабоце і не хацелася пакідаць гэта прыгожае і па-свойму ўнікальнае месца.
З першых крокаў там нібыта апынулася ў казцы. Сцены і столь ярка расфарбаваны, на падаконніках зелянеюць расліны. Карацей кажучы, дагледжанае месца.
Заўсёды ў такіх выпадках цікаўлюся ў мясцовых жыхароў, хто ж стварыў гэткае хараство на асобна ўзятай плошчы? Высветлілася, што ўсе работы ўласнаруч здзейсніў таксама жыхар гэтага дома – Аляксандр Клапкоў. Знаёмае імя! Менавіта гэты неабыякавы гараджанін некалькі гадоў назад добраўпарадкаваў дваравую тэрыторыю тут жа: каб дзеткі маглі весела бавіць час, усталяваў арэлі і турнікі.
Крыху пазней узяўся і за пад’езд. Матывам для работы сталі госці. Стрыечная сястра Аляксандра з Карэліі завітала пабачыцца з роднымі і вельмі здзівілася: брат заўсёды добра майстрыў рукамі, меў схільнасць да малявання, а на ўласнай пляцоўцы каля кватэры – адна шэрасць. Нават прапанавала стаць спонсарам для першых пачынанняў.
У азарце Аляксандр за кароткі тэрмін пераўтварыў лесвічны марш на стыльны куточак. Добра, што зараз любыя ідэі дэкору можна знайсці ў інтэрнэце. Астатняе – на ваш густ і кішэню.
Падтрымалі гэта новаўвядзенне і суседзі па паверсе. Дамовіліся так: з іх фінансы, з майстравітага суседа – рукі і натхненне. У выніку на сценах прапісаліся графічныя ілюзіі, а пад вокнамі самыя разнастайныя пейзажы. Не пад’езд, а музей жывапісу.
З часам да свайго суседа звярнуліся іншыя жыхары. І для іх мастак-энтузіяст расфарбаваў прастору на густ замоўнікаў. У такім наваколлі прыемна і чысціню захоўваць. Як і пазначала раней, на ўсіх падаконніках зараз растуць кветкі, сцены ўпрыгожаны дэкаратыўнымі пано. Амаль кожны з уладальнікаў кватэр па гэтым адрасе прыклаў руку да стварэння прыгожага куточка.
– Гэта ж для сябе робім, – падкрэсліў у нашай размове Аляксандр. – Хаця засталіся і тыя, хто вырашыў не ўкладвацца ў справу па добраўпарадкаванні. Але гэта іх асабістая справа. Для сябе я вырашыў, што жадаю жыць у прыгажосці і бачыць каляровыя карціны замест падрапаных сцен. І нават знайшоў аднадумцаў. Лепей рабіць камфорт самім, а не чакаць нейкіх лепшых абставін. Іх мы ствараем самі.
Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.