У цяперашні час галоўнай умовай абароны чалавека ад радыяцыйнага ўздзеяння з’яўляецца спажыванне “чыстых” прадуктаў харчавання. Пастаяннаму кантролю належыць прадукцыя, атрымліваемая ў дамашніх гаспадарках, гэта ж датычыць якасці малака і малочных прадуктаў. Утрыманне радыеактыўнага цэзію ў іх не павінна перавышаць 100 Бк/кг.
Як правіла, трапляюць радыенукліды ў малако з забруджаных кармоў, якія ўжываюць каровы пры выпасе на нізкапрадуктыўных пашах, пойменных лугах, няўдобіцах і нарыхтаванае сена ў гэтых месцах. Каб атрымліваць “чыстыя” кармы, за кошт дзяржаўных сродкаў для жывёлы прыватнага сектара ствараюцца культурныя сенакосы і пашы, праводзіцца іх падкормліванне ўгнаеннямі.
Аднак у асобных населеных пунктах, размешчаных паблізу рэк і лясоў, гэтых мер недастаткова. У гэтым выпадку пры кармленні кароў рэкамендуецца дадаткова выкарыстоўваць камбікармы з утрыманнем ферацынаў (або ферацыянідаў).
Ферацыяніды – гэта няшкодныя для жывёл, не аказваючыя ўплыў на смак малака сарбенты. Яны звязваюць цэзій у страўнікава-кішэчным тракце і выводзяцца з арганізма жывёлы.
Навуковымі даследаваннямі ўстаноўлена, што паступленне радыецэзію ў малако кароў пры прымяненні камбікармоў з ферацыянідамі зніжаецца ў 4-7 разоў.
Таму для населеных пунктаў, дзе па даных радыяцыйнага кантролю выяўлены выпадкі вытворчасці малака з утрыманнем цэзію-137 вышэй дапушчальнага ўзроўню, за кошт бюджэтных сродкаў набываюцца камбікармы з ферацыянідамі і выдзяляюцца ўладальнікам кароў.
У Хойніцкім раёне ў 2007-2008 гадах да такіх населеных пунктаў аднесены: г. Хойнікі; вёскі Грачыхіна, Слабажанка, Тунеўшчына, Дуброва, Глінішча, Осаў, Партызанская, Дворышча, Судкова, Тульгавічы, Казялужжа.
Калі ваш населены пункт трапіў у гэты спіс, не забудзьце ў 2010 годзе атрымаць у сельскім Савеце камбікорм з ферацынамі для каровы.
Штодзённае прымяненне камбікармоў з ферацыянідамі ў перыяд лактацыі дазволіць атрымліваць малако з утрыманнем радыенуклідаў у межах дапушчальнага ўзроўню. Гэта дадаткова абароніць ваш арганізм ад шкоднага ўздзеяння радыяцыі.
Выкарыстоўваць кармы з дабаўкай рэкамендуецца ў пашавы перыяд, калі складана прасачыць за якасцю кармоў, бо жывёла іх выбірае самастойна. Штодзённая патрэбнасць у такім камбікорме складае 0,5 кг на адну карову, г.зн., што агульная патрэбнасць у ім у летне-пашавы перыяд роўна 100 кг. Менавіта гэты аб’ём корму з дабаўкай будзе выдзелены ўладальніку каровы.
Пры нарыхтоўцы кармоў на стойлавы перыяд якасць кармоў трэба абавязкова праверыць у мясцовых цэнтрах радыяцыйнага кантролю або ў раённай ветэрынарнай станцыі. Трэба памятаць, што на добра ўгноеных, правапнаваных глебах, як правіла, атрымліваюць “чысты” корм.
В. МЕРЗЛАВА,
загадчыца сектара эканамічных праблем
рэабілітацыі забруджаных тэрыторый Магілёўскага філіяла “Інстытута радыялогіі”.