Трымала экзамен інжынерная служба

Сельское хозяйство

З мэтай вызначыць пераможцаў раённага агляду-конкурсу па добраўпарадкаванню машынных двароў, гатоўнасці рамонтна-абслуговай базы сельгаспрадпрыемстваў для работы ў зімовых умовах  і падрыхтоўкі машынна-трактарнага парку да веснавых палявых работ 2010 года, а таксама дэталёва азнаёміцца са станам спраў з рамонтам тэхнікі ў мінулую суботу быў праведзены раённы семінар з удзелам дырэктараў і галоўных інжынераў гаспадарак. Адбылося наведанне машынна-трактарных двароў сельгаспрадпрыемстваў, дзе можна было ўвачавідкі пераканацца, як працуюць рамонтнікі ў зімовы час, якія умовы для іх створаны і якой наогул выглядае карціна з дзейнасцю інжынернай службы.

Пачаўся агляд з агракамбіната “Віць”, а закончыўся ў КСУП імя Мележа, дзе праходзіла пленарнае пасяджэнне.

На вялікі жаль, недапрацовак паўсюдна хапае. Так, у першай гаспадарцы збожжаўборачныя камбайны недаачышчаны ад жніўных рэшткаў, апырсквальнікі не пастаўлены на падстаўкі, няма павецяў для захоўвання тэхнікі. Домік механізатара нядрэнны, але тут адсутнічае наглядная агітацыя. Не працуе душ.

Даволі спрыяльнае становішча спраў у КСУП “Веляцін”: ёсць пляцоўка для захоўвання сельгастэхнікі, па правілах пастаўлены ў ангары сеялкі, але патрэбна абсталяваць пакой адпачынку для механізатараў.

На машынным двары эксбазы “Стралічава” на ўсёй плошчы раскіданы металалом, адсутнічае абагрэў у рамонтнай майстэрні.

Адкрытым пытаннем пакуль што для КСУП “Судкова” з’яўляецца даачыстка нахільных камер збожжаўборачных камбайнаў, якія пастаўлены на захоўванне, патрабуе рамонту дах рамонтна-механічнай майстэрні.

У КСУП “Велікаборскі” ўпала задняя сценка памяшкання, дзе знаходзіцца складаная сельгастэхніка. Аднак гэта амаль ці не адзінкавая гаспадарка, дзе наладжаны абагрэў майстэрні на мясцовым паліве.

Капітальнага рамонту патрабуе ў “Хойніцкім Аграсервісе” пункт тэхнічнага абслугоўвання, і таксама тэхніка на захоўванні знаходзіцца недаачышчанай.

У КСУП “Аравічы” трэба тэрмінова вышукаць сродкі для афарбоўкі ангара, правесці рамонт дома механізатара, абсталяваць пакой для адпачынку працуючых.

Абагрэў памяшканняў у КСУП імя Мележа зрабілі, устанавіўшы два цеплагенератары, якія працуюць на мясцовым паліве, трэба забетаніраваць падлогу ў рамонтнай майстэрні. Да таго ж, тут набылі сістэму відэаназірання, якую ўстанавілі на тэрыторыі МТП, што выключае магчымасць крадзяжоў. Але не зроблена гэта ў эксбазе “Стралічава” і КСУП “Аравічы”, такім чынам не выканана заданне райвыканкома і райсельгасхарчу.

Гэтая гаспадарка – адзіная ў раёне, дзе абсталяваны пакой тэхнікі бяспекі. Майстар-клас правёў для ўдзельнікаў семінара інжынер па тэхніцы бяспекі А.М. Карніцкі.

Падвядзенне вынікаў агляду-конкурсу праводзілася на дэмакратычнай аснове. Дырэктары сельгаспрадпрыемстваў і галоўныя інжынеры давалі ацэнку сваім калегам па пяцібальнай сістэме. Свае ацэнкі выставілі і члены рабочай камісіі па правядзенню мерапрыемства – намеснік старшыні райвыканкома, начальнік райсельгасхарчу Н.А. Слесарэнка, галоўны дзяржаўны інжынер-інспектар Дзяржтэхнагляду Л.І. Заяц, дырэктар КСУП “Судкова” А.А. Сцішанок.



Першае месца і грашовая прэмія ў памеры 30 базавых велічынь прысуджана КСУП імя Мележа, другое і 20 базавых велічынь – КСУП “Веляцін”, трэцяе з грашовай прэміяй 10 базавых велічынь – КСУП “Судкова”.



Перад інжынернай службай пастаўлена задача тэрмінова ліквідаваць выяўленыя недахопы, каб ва ўсеузбраенні сустрэць веснавыя палявыя работы будучага года.


Клаўдзія БОСАК.
На здымку: на машынна-трактарным двары КСУП імя Мележа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *