Для Алены Генадзьеўны і Віктара Дзмітрыевіча Камарэнкаў, якія выхавалі роднага сына і сталі прыёмнымі бацькамі для чатырох дзяўчынак і аднаго хлопчыка, прыезд гасцей напярэдадні галоўных зімовых свят стаў прыемным сюрпрызам.
У рамках акцыі “Нашы дзеці” жансавет ААТ “ААБ Беларусбанк” парадаваў дружную сям’ю цудоўнымі падарункамі: тэлевізарам і кошыкам з фруктамі. Іх уручыла намеснік дырэктара філіяла № 326 ААТ “ААБ Беларусбанк” Таццяна Міхайлаўна Кужаль (на здымку ўверсе). Гаспадары двухпавярховага дома сямейнага тыпу, пабудаванага сёлета па вуліцы Савецкай горада, шчыра сустракалі гасцей, частавалі іх духмяным чаем.
*** *** ***
Для выхаванцаў Барысаўшчанскага прытулка і вучняў Віцьеўскай сярэдняй школы, якія з’яўляюцца пастаяннымі чытачамі Барысаўшчанскай бібліятэкі, у ходзе акцыі “Прафсаюзы – дзецям” старшыня абкома прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу М.І. Садчанка і старшыня райкома прафсаюза работнікаў АПК В.В. Харошка, а таксама бухгалтар райкома прафсаюза работнікаў АПК А.А. Гушчанка прывезлі ў бібліятэку ў падарунак тэлевізар “Віцязь”.
*** *** ***
Новы год – асаблівае свята, якое вызначае настрой на 365 дзён наперад. І таму заўсёды вельмі прыемна пачынаць святкаванне Новага года з сустрэч з маленькімі грамадзянамі Хойнікшчыны ў Барысаўшчанскім сацыяльным прытулку.
У рамках дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”, якая праводзіцца ў Беларусі з 20 снежня 2009 года па 10 студзеня 2010 года, многія арганізацыі, прадпрыемствы, установы раёна дэлегіравалі сваіх прадстаўнікоў у гэтую ўстанову, каб павіншаваць дзяцей са святам і ўручыць падарункі.
З добрым настроем сустракалі педагогі і выхаванцы прытулка Дзедаў Марозаў і Снягурачак з аддзела адукацыі райвыканкома, ПУП “Палескія сыры” (на здымку), РК ГА “БРСМ” і аддзела моладзі райвыканкома, торфабрыкетнага завода, райваенкамата.
*** *** ***
У гарадскім цэнтры культуры і спорту “Меліяратар” прайшоў навагодні ранішнік для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Арганізатарам мерапрыемства выступіў ТЦСАН, казачных герояў на сцэне ўвасобілі работнікі аддзела культуры.
Дзеці атрымалі салодкія падарункі, сродкі на якія выдзеліў райвыканком. Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва В.С. Васькевіч павіншаваў сабраўшыхся з наступаючым святам і пажадаў самага найлепшага.
Потым на сцэне пачалася казка пра навагоднія прыгоды Дзеда Мароза і Снягурачкі.