Задзел на перспектыву

Спорт

Значнага поспеху на прайшоўшым у Гомелі першынстве вобласці сярод лёгкаатлетаў 1995-1996 гадоў нараджэння – прадстаўнікоў дзіцяча-юнацкіх школ – дабілася каманда ДЮСШ аддзела фізічнай культуры і спорту райвыканкома: сярод 32 фізічных калектываў заняла 9 месца, сярод раёнаў сваёй групы – трэцяе.


Удала выступіла навучэнка Гомельскага вучылішча алімпійскага рэзерву, былая вучаніца СШ № 3 Анастасія Прызван: у бегу на дыстанцыі 400 метраў яна паказала другі вынік, на 200 метрах – чацвёрты. Пятае месца на дыстанцыі ў 1,5 кіламетра і 3 тысячы метраў у Юліі Козуб, вучаніцы Паселіцкай школы. Даволі значныя спартыўныя дасягненні ў вучня СШ № 3 Уладзіслава Буглака, Віктара Трошына з СШ № 1, Уладзіслава Цішкевіча з Паселіч.

Дасягнуты поспех замацаваны нашымі юнымі лёгкаатлетамі, 1993-1994 гадоў нараджэння, на аналагічных спаборніцтвах. З 30 каманд ДЮСШ наша стала бронзавым прызёрам, а сярод сельскіх раёнаў была бясспрэчным лідэрам. У асабістым заліку вылучыліся Марыя Саутава (першае месца на дыстанцыі 800 метраў, другое – на паўтара кіламетра), Ганна Гальцяпіна (бронзавы прызёр у бегу на 3000 метраў, пятае месца на 1,5 кіламетра). Таксама выніковымі былі выступленні Іллі Дваракоўскага, Юліі Лабада, якія зараз вучацца ў Мазырскім вучылішчы алімпійскага рэзерву, гімназіста Дзмітрыя Дземідзенкі і вучня Судкоўскай СШ Аляксандра Супруноўскага. І ў эстафетнай гонцы нашы дзяўчаты былі аднымі з лепшых, заняўшы трэцяе месца на этапах у 600, 400 і 200 метраў.

Па выніках гэтых спаборніцтваў  лёгкаатлетам нашага раёна даверана высокая місія – абараняць гонар Гомельскай вобласці на першынстве рэспублікі па лёгкай атлетыцы.

Вялікая заслуга ў гэтым брыгады трэнераў ДЮСШ па лёгкай атлетыцы, а таксама выкладчыкаў фізкультуры, якія з юнымі лёгкаатлетамі ствараюць задзел на перспектыву і спадзяюцца, што і сёлета яны даб’юцца больш высокіх спартыўных дасягненняў.


Клаўдзія МІКАЛАЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *