У Хойніках тры сінагогі, на Валоках – бровар: як выглядала і што працавала ў мястэчку ХІХ стагоддзя

Бацькаўшчына

Працягваем знаёміць вас, паважаныя чытачы, з гістарычнай спадчынай нашай малой радзімы.

Дзякуючы велізарнай даследчай рабоце гісторыка, аматара Хойнікшчыны і яе выбітнога прадстаўніка – настаўніка трэцяй гарадской школы Сяргея Бельскага – прадстаўляем вашай увазе ўрыўкі з пашыранага артыкула для беларускамоўнай інтэрнэт-энцыклапедыі пра наш райцэнтр. Яе аўтарам і з’яўляецца педагог гісторыі.

На гэты раз дзелімся пазнавальнымі фактамі з жыцця горада.

На 1849 год у Хойніках налічвалася 74 двары, 580 жыхароў. У мястэчку дзейнічалі царква, каталіцкая капліца, тры сінагогі, а яшчэ паштовая станцыя на тракце Мазыр – Брагін – Любеч, 26 крам, 2 піцейныя дамы і конны млын. Побач, у сядзібе Валокі, мясціліся бровар і вятрак.

У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении: 1857 г.» засведчана, што 12 асобаў мужчынскага і 7 жаночага полу з двара Хойнікі, 199 і 113 асобаў адпаведна з ліку жыхароў мястэчка Хойнікі былі парафіянамі Астраглядаўскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Яшчэ 55 местачкоўцаў з’яўляліся прыхаджанамі Хойніцкай Свята-Пакроўскай царквы.

У 1859-1862 гг. намаганнямі і на сродкі Уладзіслава Прозара ў Хойніках былі вымураваныя нэагатычныя касцёл і капліца, вядомыя і на сёння са здымкаў 1912 г. Ісаака Сербава.

У 1864 г. дзеля выхавання тутэйшых дзяцей, а разам і іх бацькоў у духу вернасці расійскай манархіі, у Хойніках адкрыта двухкласнае народнае вучылішча. 20 чэрвеня 1865 года, «по местным представлениям» праваслаўнага духавенства невялікі стары драўляны і «превосходной структуры» мураваны касцёлы ў цэнтры Хойнік ды мураваную капліцу на могілках улады адабралі ў католікаў і перадалі ў праваслаўнае ведамства.

У спісе землеўладальнікаў Мінскай губерні сказана, што ў маёнтку Хойнікі Канстанціна Прозара налічвалася 44466 дзесяцін зямлі.

У парэформенны час Хойнікі – цэнтр воласці. У мястэчку здаўна праводзіліся кірмашы – Стрэчанскі ў лютым і Пакроўскі ў кастрычніку.

У спісе прыходаў і прычтаў па чатырох благачынных акругах (у межах Рэчыцкага павета) Мінскай епархіі на 1876 год у складзе прычту Пакроўскай царквы ў Хойніках названыя настаяцель Іаан Лісевіч. Да прыходу належалі жыхары мястэчка Хойнікі, вёсак Валокі, Малешаў, Паселічы, Людвін, Настолле, Карчовае, Гарошкаў, Небытаў, Куравое, Дворышча. На 1879 год у прыходзе налічвалася 1178 душ мужчынскага і 1151 душа жаночага полу сялянскага саслоўя.

У 1885 г. Хойніцкую воласць складалі 24 паселішчы з 859 дварамі.

На 1890 год у мястэчку – валасная ўправа, мяшчанская ўправа, пошта, лекарскі ўчастак, у воласці – 36 паселішчаў з 1567 дварамі.

У 1895 годзе ў маёнтку была заснавана вінакурня. Паводле перапісу 1897 г. тут 335 двароў, 2596 жыхароў, 5 іудзейскіх малітоўных дамоў, паштова-тэлеграфная кантора, хлебазапасны магазін, 48 крамаў, заезны двор, карчма.

У пачатку XX ст. у Хойніках дзейнічала царква, капліца, працавалі 2 школы, лякарня, аптэка, жалезаробчы завод, 2 вадзяныя млыны.

10 лістапада 1967 года Хойнікі атрымалі статус горада. У 1972 годзе да Хойнікаў далучылі вёскі Валокі і Забалаць, у 1989 годзе – Настолле і Чырвоную Ніву (былую Лянтэрню), 1 снежня 2009 года – Малішаў.

Падрыхтавала Алеся ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *