«Чысціў» фарватэр Бенгальскага заліва Валянцін Рыгоравіч Барысенка

Людзі і лёсы

IMG_3098У мірны для нашай краіны час хойніцкія хлопцы, прызваныя на армейскую службу, выконвалі інтэрнацыянальны доўг не толькі ў Афганістане, але і на Кубе, у Анголе, Чэхаславакіі, Бангладэш… Святы абавязак – як мага больш даведацца аб падзеях кровапралітных 60-80 гадоў мінулага стагоддзя. Расказы ўдзельнікаў тых страшных войнаў лішні раз даюць зразумець, што мы павінны ўсімі сіламі захоўваць мір і спакой на зямлі.

Наш зямляк Валянцін Рыгоравіч Барысенка ўдзельнічаў у ваеннай аперацыі ў Бангладэш, служыў на мінным тральшчыку і «чысціў» фарватэр Бенгальскага заліва.

ЭКСКУРС У ГІСТОРЫЮ

Гісторыя стварэння і станаўлення Народнай Рэспублікі Бангладэш у пэўнай ступені звязана з дапамогай Савецкага Саюза, аказанай маладой краіне ў самы складаны для яе перыяд. У ходзе ўзброенага канфлікта паміж Індыяй і Пакістанам у 1971 годзе на месцы Усходняга Пакістана ўзнікла дзяржава Бангладэш.

Савецкія Узброеныя Сілы непасрэднага ўдзелу ў ваенным канфлікце паміж Індыяй і Пакістанам не прымалі, аднак пэўны ўклад у яго зыход унесла групоўка караблёў ВМФ СССР. Умелае кіраўніцтва, рацыяналізацыя і эканомія часу далі магчымасць выканаць усе ўзятыя Савецкім Саюзам абавязацельствы датэрмінова. Падтрымка, аказаная СССР Індыі ў пакістанска-індыйскім канфлікце, у пэўнай ступені паўплывала на ход ваенных дзеянняў, вынікам якіх стала капітуляцыя камандавання Усходняга Пакістана і ўтварэнне Рэспублікі Бангладэш. Наступная дапамога СССР маладой рэспубліцы ставіла мэтай замацаванне нашых пазіцый у гэтым рэгіёне. Па некаторых звестках, меліся планы стварэння ў порце Чыттагонг часовага пункта матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння караблёў ВМФ СССР, прыступіўшых з пачатку 70-х гадоў да асваення раёнаў Індыйскага акіяна. Аднак гэтым далёка ідучым планам не суджана было збыцца. У выніку перавароту ў 1975 годзе да ўлады ў Бангладэшы прыйшла ваенная кліка, і адносіны СССР з гэтай краінай на доўгія гады «замарозіліся».

МАРСКАЯ АДЫСЕЯ ВАЛЯНЦІНА БАРЫСЕНКІ

У 1954 годзе ў вёсцы Людвін Хойніцкага раёна ў сям’і жывёлаводаў калгаса імя ХХІ з’езда КПСС Рыгора Аляксандравіча і Вольгі Андрэеўны Барысенка нарадзіўся сын Валянцін, старэйшы з пяці дзяцей. Дзяцінства было такім жа, як і ва ўсіх яго сельскіх равеснікаў.
Большасць юнакоў 70-х марылі аб гераічных прафесіях. Валянціна прываблівала марская рамантыка, але тады ён не падазраваў, што ў хуткім часе марское майстэрства давядзецца дэманстраваць у рэальным баявым жыцці. У 1972 годзе раённым ваенкаматам быў прызваны на вайсковую службу. З Гомеля з групай саслужыўцаў прыбыў у Севастопаль, дзе навучаўся ў школе вадалазаў. Затым праз год апынуўся ва Уладзівастоку, дзе служыў на караблі МВФ у аварыйна-выратавальнай службе матросам.

У сакавіку 1973 года ў саставе экспедыцыі асаблівага прызначэння быў накіраваны ў Рэспубліку Бангладэш для выканання інтэрнацыянальнага доўгу. Ішлі марскім шляхам на вялікім дэсантным караблі ў суправаджэнні падводных лодак. Прайшлі Бенгальскі заліў і спыніліся ў порце Чыттагонг.
Валянцін Рыгоравіч успамінае, што пагодныя ўмовы той краіны – павышаная вільготнасць, высокая тэмпература вады і паветра, трапічныя ліўні, якія суправаджаліся моцнымі ветрамі – прыводзілі да высокай стамляльнасці, даводзілася для выканання планавых аб’ёмаў работы працаваць з перанапружаннем сіл. Нізкія берагі, адсутнасць арыенціраў для вызначэння дакладнага месца караблёў, мутная вада, малыя глыбіні, вялікая засмечанасць – усё гэта тармазіла ход размініравання. Тым не менш, у хуткі час практычна палова ўсіх запланаваных работ была выканана, што дазволіла расшырыць падходны фарватэр да порта Чыттагонг.

Жылі савецкія маракі на плаўбазе, мелі моўныя зносіны з мірным насельніцтвам пасрэднасцю англа-рускага слоўніка, навучалі бенгальцаў вадалазнай падрыхтоўцы. Форма савецкіх байцоў была блакітнага колеру – сарочкі з кароткімі рукавамі, шорты і туфлі ў «дзірачку». Валянціну Рыгоравічу аб гэтым прыемна ўспамінаць.

Кветкамі і флагамі праводзілі ўдзельнікаў экспедыцыі на цеплаходзе «Хабараўск» ва Уладзівасток, ва ўрачыстай абстаноўцы ўсім маракам былі ўручаны бенгальскія медалі. Не дачакаліся на радзіме марака-расіяніна, загінуўшага пры выкананні службовых абавязкаў, далёкая краіна Бангладэш стала месцам яго апошняга заспакаення.

IMG_5793УРАЛЬСКАЯ СТАРОНКА ЖЫЦЦЯ

Дэмабілізаваўшыся з арміі, В.Р. Барысенка вырашыў паехаць на Камчатку – клікала мора. Але па дарозе заехаў пагасціць да роднага дзядзькі па бацькоўскай лініі ў г. Бярозаўскі, ды так і застаўся там на 33 гады. Працаваў на мясцовым аўтатранспартным прадпрыемстве, пачынаў вадзіцелем аўтобуса і «дарос»да начальніка калоны, у яго падначаленні было больш за 900 чалавек, раней з’яўляўся старшынёй прафкама прадпрыемства.

Аб сваіх заслугах Валянцін Рыгоравіч гаварыць не любіў. Нават яго калегі не ведалі, што ён прымаў удзел у баявых дзеяннях у Бангладэш. Толькі падпалкоўніку ваенкамата Ю. Серабракову былі вядомы з дакументаў некаторыя звесткі аб гэтым адрэзку біяграфіі Валянціна Барысенкі. Ведаў ён, якой рызыцы падвяргаліся нашы байцы, пастаянна знаходзячыся пад берагавым кулямётным агнём, аб раненні матроса. Гэты факт Барысенка доўга хаваў, не атрымліваў ніякіх ільгот, а даведаўшыся, што ваенкам вырашаў паклапаціцца аб гэтым, Барысенка толькі рукой махнуў: не прывык ён думаць аб сабе. А вось клопат аб людзях у яго быў на першым месцы. Народным дэпутатам, нават гарсавета, Барысенка ні разу не быў, тым не менш працоўны калектыў аўтакалоны вылучыў яго кандыдатам у дэпутаты Свярдлоўскага абласнога Савета дэпутатаў.

МУЖЧЫНА, ЯКІ РАЗМАЎЛЯЕ З КВЕТКАМІ

Выйшаўшы на заслужаны адпачынак, В.Р. Барысенка вярнуўся на малую радзіму, купіў дом у нашым горадзе па вул. Дзяржынскага, 69, зрабіў у ім рамонт і цяпер падтрымлівае ў доме і на падворку ідэальны парадак. Пабываўшы тут з нагоды інтэрв’ю, была здзіўлена тым, што да чысціні і прыгажосці не дакранаецца жаночая рука. Сапраўдны кветкавы дэндрарый створаны ў адным з пакояў дома, а ў цёплы час года падворак радуе буйствам рознаквецця. Праблема насення для сяўбы кветак гаспадара не існуе, яно ў асноўным сваё ўласнае. Але некаторыя ідэі па планіроўцы ўчастка Валянцін Рыгоравіч чэрпае з часопісаў. Цяпер многа тэматычных беларускіх і расійскіх часопісаў – там ёсць карысныя знаходкі, якія можна выкарыстаць.
Часта прыязджаюць да бацькі ў Беларусь сын Іван і дачка Вольга са сваімі сем’ямі. Радуецца дзядуля тром унукам – двум хлопчыкам і дзяўчынцы.

Як чалавек актыўнай грамадскай пазіцыі, Валянцін Рыгоравіч Барысенка прымае актыўны ўдзел у рабоце раённай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў, з’яўляецца казначэем у ёй. Праводзіць вялікую работу па ваенна-патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення, у школах і ліцэі расказвае рабятам аб сваёй службе ў Бангладэш – цяпер можна смела гаварыць аб гэтым, тэрмін дзейнасці распіскі аб нявыдачы звестак аб службе ў гэтай краіне ўжо прайшоў.

Клаўдзія БОСАК.

Фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *