Пяцітысячніца Аксана Кавальчук

Сельское хозяйство

У апошнім нумары нашай газеты за мінулы год у ліку лепшых па раёну аператараў машыннага даення называлася і прозвішча Аксаны Аляксандраўны Кавальчук. З 18 гадоў працуе яна ў сельгаспрадпрыемстве “Аравічы”.


Выбар прафесіі для яе не быў выпадковым, бо да самага выхаду на пенсію даяркай на Храпкаўскай малочнатаварнай ферме працавала яе маці Алена Мікалаеўна. А бацька, Аляксандр Адольфавіч, нягледзячы на тое, што па ўзросту таксама даўно ўжо на пенсіі, аднак па-ранейшаму ў працоўным страі і па праву лічыцца ў гаспадарцы адным з лепшых даглядчыкаў жывёлы. Па такой жа спецыяльнасці і на гэтай жа ферме працуе і родны брат Аксаны Аляксандраўны  Мікалай. Як і бацька, знаходзіцца ў ліку перадавікоў працоўнага спаборніцтва. Добрых вынікаў у працы дабіваецца муж Юрый Міхайлавіч, які таксама працуе даглядчыкам жывёлы на Храпкаўскай МТФ.

– У такім ганаровым акружэнні, – жартуе Аксана Аляксандраўна, – мне б грэх было працаваць дрэнна.

І жанчына стараецца. Па выніках мінулага года яна пераўзышла 5-тысячны рубеж і атрымала па 5179 кілаграмаў малака ад кожнай каровы сваёй групы. А група гэтая, дарэчы, немалая – 53 каровы. Жывёла патрабуе ўвагі, стараннага догляду, інакш высокіх надояў можна і не чакаць.

– Добрае слова, увага і пяшчота не толькі чалавеку, але і жывёле прыемныя, – гаворыць Аксана Кавальчук. – І калі працаваць з душою, адносіцца да справы старанна і сумленна, тады і вынікі ў рабоце абавязкова будуць добрымі. Так што ўсё залежыць ад чалавека.

У дасягненні высокіх вынікаў жывёлаводам дапамагае кіраўніцтва гаспадаркі, якое імкнецца стварыць для работнікаў належныя ўмовы працы. Ва ўсіх жывёлагадоўчых памяшканнях устаноўлены новыя жалезныя дзверы, вокна надзейна ізаляваны ад ветру і снегу, у кароўніках і цялятніках надзейна функцыяніруе абсталяванне. У прыватнасці, у тым кароўніку, у якім працуе А.А. Кавальчук, ужо два гады дзейнічае малакаправод, што дазволіла не толькі значна аблегчыць работу даярак, але і павысіць якасць малака: адсюль яно ідзе ў асноўным вышэйшым гатункам.

Стараюцца і людзі. У памяшканнях чыста і светла, праходы паміж станкамі вычышчаны і падсыпаны, у кармушках заўсёды ўдосталь сена, а жывёла сытая і дагледжаная.

З лета на Храпкаўскай ферме перайшлі на трохразовае даенне, што таксама дазволіла павысіць паказчыкі па вытворчасці малака. А калі растуць паказчыкі, расце і заработная плата людзей, і сёння ў сярэднім па ферме яна складае ад 600 да 800 тысяч рублёў.

Задаволена работай падначаленых загадчыца Храпкаўскай МТФ А.А. Галаванава. У нашай размове яна адзначыла, што паспяховай рабоце ў многім спрыяе добры, узаематаварыскі мікраклімат, створаны ў калектыве. А яшчэ, акрамя Аксаны Кавальчук, Алена Аляксандраўна папрасіла адзначыць працавітасць і стараннасць аператараў машыннага даення М.В. Штагер, Н.В. Навіцкай, В.У. Курынай, Н.В. Брухавецкай, Н.А. Сінгаеўскай, А.І. Брухавецкай, даглядчыкаў жывёлы У.В. Брухавецкага, С.М. Талпекі, М.У. Пятрэнкі, бацькі і сына Кавальчукоў, М.С. Макавецкага, асемянатара С.В. Латаша, слесара па рамонту абсталявання У.У. Базулькі.

Нядаўна работнікі Храпкаўскай жывёлагадоўчай фермы пабывалі на святочным “агеньчыку” ў Барысаўшчанскай сталовай, які за кошт гаспадаркі для сваіх работнікаў арганізавала кіраўніцтва КУП “Аравічы”. На гэтым мерапрыемстве жывёлаводы атрымалі святочныя падарункі для дзяцей і ад душы павесяліліся.

Гэтыя людзі ўмеюць па-сапраўднаму працаваць і па-сапраўднаму адпачываць.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *