Раніцай умыванне пад рукамыйнікам у двары. У хаце на стале духмяны хлеб і салодкія пірагі, толькі з печы. Пазней – перакус сакавітымі яблычкамі ў цені дрэў пад гудзенне пчолак. Пакуль з задавальненнем налягаеш на свежыя вітаміны, ужо хто-небудзь з мясцовых сяброў-таварышаў, зазіраючы праз плот, кліча пакатацца на веласіпедзе або схадзіць у лес ці на раку. Якія ж тут цудоўныя мясціны, паўнаводная Прыпяць – мара рыбака!
Па вечарах хлопцы і дзяўчаты разводзілі вогнішча, бульбу пяклі, апавяданнямі страшнымі адзін аднаго палохалі. Нават дакучлівая машкара не замінала – дымам адганялі. Стракатанне цвыркуноў, кваканне жаб, брэх дваровых вартаўнікоў і напоўненае незвычайнымі водарамі паветра.
Мясцовыя юнакі раз’язджалі на мапедах, а шчасліўчыкі нават на матацыклах – «Яве», «Мінску» ці «Усходзе». Пыл ад іх на вясковай вуліцы стаяў слупом. А цяпер цішыня. Толькі вецер завывае. Ніхто не смяецца, не бяжыць, не едзе…
Абыякавым у гэтых месцах проста немагчыма быць. Міжвольна накатваюцца слёзы. Сум моцна бярэ ў свае абдымкі. Імкнешся адганяць горкія думкі, але калі на кожным кроку пустыя хаты жалобна глядзяць такімі ж пустымі вачніцамі вокнаў, вецер ганяе рэшткі пажаўцелых пісьмаў, фотаздымкі, беспрытульныя цацкі – эмоцыі непадуладны. Па гэтых кінутых наспех рэчах можна даведацца пра гісторыі дамоў і іх гаспадароў. Нават дрэва на верхнім здымку і тое нагадвае бязлітасна зламаны лёс вёскі.
Па фатаграфіях вы ўжо здагадаліся, што на гэты раз наш шлях ляжаў у Тульгавічы – адзіную населеную вёску Хойніцкага раёна, якая знаходзіцца ў зоне адсялення пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Да аварыі тут было больш за 300 двароў. Многія, хто ў тым лёсавызначальным восемдзесят шостым годзе пакідаў родныя селішчы, выязджаючы ў чыстыя ад радыяцыі раёны, лічылі, што гэта развітанне з малой радзімай усяго на пару-тройку месяцаў, а пасля аказалася, што шляху назад ужо няма. Але некалькі тульгаўчан наадрэз адмовіліся пакідаць сваю вёску, і цяпер гэта адзіны жылы астравок у зоне радыяцыйнага забруджвання, за калючым дротам.
Перад тым як расказаць, чым жыве асірацелая вёсачка сёння, зазірнём крыху ў мінулае. Тульгавічы ўзніклі каля ракі Прыпяць, першымі яе жыхарамі былі ўкраінцы. Яны пасяліліся на ўсходняй мяжы паміж Вялікім княствам Літоўскім і Кіеўскім. Лічыцца, што назва вёскі пайшла ад слова «тульга», што азначае «застава».
У 30-я гады ў склад Тульгавіцкага сельскага Савета ўваходзілі пяць вёсак: Тульгавічы, Ломыш, Буда, Ламачы, Чырвонамайск. У іх было арганізавана шэсць калгасаў. У Тульгавічах адразу два – «Чырвоны Кастрычнік» і імя Дзяржынскага.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны на базе пяці невялікіх гаспадарак была створана адна – імя Жданава, дарэчы, гэта быў адзін з самых моцных калгасаў у вобласці.
У 1949 годзе ў Тульгавічах працаваў Палескі абласны лагер для дзяцей. У 70-х гадах на тэрыторыі сельсавета знаходзіліся сярэдняя школа, участковая бальніца, фельчарска-акушэрскі пункт, Дом культуры і два сельскія клубы, працавала 6 магазінаў, два пункты бытавога абслугоўвання, дзве стацыянарныя кінаўстаноўкі.
Квітнелі сады, зелянелі ўсходы. Тульгаўчане працавалі ў калгасе, дружна адпачывалі, трымалі гаспадарку, гулялі вяселлі, расцілі дзяцей… Яны жылі з верай і надзеяй у заўтрашні дзень.
І вось ракавая дата – 26 красавіка 1986 года. Чорнае крыло Чарнобыля накрыла іх зямлю. Бяда. Боль. Слёзы. Расставанні. Невядомасць…
Гэта чорная дата назаўжды будзе ў памяці хайнічан. Але не станем больш сыпаць на раны соллю. Давайце лепш даведаемся, як сёння жывуць нашы «палескія рабінзоны» – апошнія жыхары Тульгавіч.
Дарэчы, засталося іх тут усяго трое і, што самае цікавае, усе яны цёзкі па прозвішчу – усе Шамянкі.
Хоць сілы ўжо не тыя, што ў маладосці, і пра былы спрыт адны ўспаміны, Іван Іосіфавіч застаецца самым вясёлым тутэйшым жыхаром.
Яму 90 гадоў, хаця выглядае значна маладзей. На здароўе дзядуля асабліва не скардзіцца, сам спраўляецца па гаспадарцы. У час нашага прыезду ён якраз варыў абед для свайго кабанчыка. Жыве адзін, хаця не – з катом і сабакам.
Дарэчы, Босы – сапраўдны вартаўнік, гучным брэхам доўга не падпускаў нас да брамкі.
Па словах доўгажыхара, да алкаголю ён абыякавы і мяркуе, што менавіта гэта акалічнасць разам са звыклай працай і роднай хатай дазваляе яму захоўваць сілы і аптымізм. Працаваў ён спачатку конюхам у калгасе – даглядаў 70 коней, а пасля быў даглядчыкам на адкорме буйной рагатай жывёлы.
Па-тульгавіцку Івана Шамянка называлі Зэйда. І спяваў ён добра, і танцаваў у клубе лоўка, і рыбаком быў заўзятым.
– Я застаўся ў вёсцы таму, што ведаў: цяжка будзе прыжыцца на новым месцы. Тут усё жыццё прайшло. Ды і гаспадарку кінуць не мог… Ніякай радыяцыі не баюся. Вось цяпер начышчу сабе бульбачкі, звару баршчу – на некалькі дзён хопіць. А там, у пятніцу, аўталаўка прыедзе, куплю хлеба. Ды і добра мне ва ўсім, – гаворыць І.І. Шамянок.
Дарэчы, «хлебныя запасы» ў Івана Іосіфавіча вялікія – чатыры буханкі ў буфеце ляжалі. Па яго словах, на сябе і на Босага закупляецца. Наогул, асартымент у магазіне на колах нядрэнны, ён не скардзіцца: каўбасы, хлеб, цукеркі, кансервы, гародніна і садавіна, а калі што адсутнічае, дык заказаць можна.
Як свае справы да ладу давядзе, дзядуля ідзе ў госці да Надзежды Шамянок, якая жыве непадалёку. Дапаможа ёй чым трэба. Пасядзяць, пагутараць, паўспамінаюць – ды і тое весялей.
Мы таксама зазірнулі да бабулі. Яна выйшла на ганак і адразу папярэдзіла, што ў хату не пусціць, бо чула пра тое, як абкрадалі і нават забівалі адзінокіх пажылых людзей. Пільнасць – гэта добра, таму мы і не настойвалі.
Прыселі на лавачцы і пагаварылі аб жыцці-быцці. Надзежда Іванаўна расказвала, якой прыгожай раней была вёска, як весела яны святкавалі Юр’е, узгадвала і пра вялікую свінаферму, якая тут была. Многа гаварыла пра мужа Мікалая, які працаваў настаўнікам і быў вельмі аўтарытэтным у вёсцы чалавекам.
І зноў крыху сумна стала ад яе ўспамінаў, але я паглядзела вакол – неба сіняе, чыстае! Птушкі спяваюць. Дрэвы квітнеюць. Эх, вясна! Яе яркія фарбы ўздымаюць настрой, натхняюць і прымушаюць верыць у лепшае. Давайце верыць!
Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.