Рознымі жыццёвымі шляхамі моладзь трапляе ў сельскую гаспадарку нашага раёна: нехта па ўласнаму жаданню прыязджае з іншых гарадоў і вёсак, хтосьці па размеркаванню, а некаторыя, як кажуць, дзе нарадзіліся – там і згадзіліся.
Вось да прыкладу, абаяльная Вікторыя Галезнік прыехала да нас з аграгарадка Бабовічы Гомельскага раёна. Цікава, што сельгаспрадпрыемства «Судкова» першым месцам работы яна абрала сама. Неяк, яшчэ быўшы студэнткай Гомельскага аграрна-эканамічнага каледжа, натыкнулася ў Інтэрнеце на аб’яву аб вакансіі бухгалтара і вырашыла, што трэба ехаць. Працуе ў гаспадарцы амаль два гады і ніколькі не шкадуе аб сваім выбары. Вікторыя хутка ўлілася ў калектыў, калегі яе ва ўсім падтрымліваюць, асабліва намеснік галоўнага бухгалтара Н.С. Мастабай. Як маладому спецыялісту ёй выдзелілі пакой у кватэры новага дома ў Хойніках. «Дах над галавой ёсць, работа падабаецца – што яшчэ трэба?», – усміхаючыся гаворыць дзяўчына.
А вось Мікалай Мастыкаш трапіў на Хойнікшчыну па размеркаванню пасля заканчэння Буда-Кашалёўскага аграрнага каледжа. Ехаў сюды не з вялікім энтузіязмам, але за два з паловай гады многае змянілася. Па-першае, месца работы. Два гады малады чалавек адпрацаваў у КСУП «Аравічы», а цяпер ён сумяшчае дзве пасады – інжынера працаёмкіх працэсаў і энергетыка ў сельгаспрадпрыемстве імя Мележа. Па-другое, ён стварыў сям’ю – пакуль яны з жонкай і дачкой жывуць у Віці, але ў бліжэйшым будучым збіраюцца гуляць наваселле ў новенькім доміку ў аграгарадку Глінішча. Акрамя таго, Мікалай працягвае навучанне – зараз пераходзіць на пяты курс БАТУ. Калісьці ён нават і прадбачыць не мог, што ўсё так цудоўна для яго складзецца ў нашым раёне, але вось як бывае.
Сямён Антанюк – мясцовы юнак, жыве ў аграгарадку Храпкаў. Год назад закончыў Хойніцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй па спецыяльнасці «тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ» і прыйшоў працаваць у КСУП «Аравічы». За гэты адносна невялікі прамежак часу ён ужо паспеў зарэкамендаваць сябе адказным і добрасумленным работнікам. Юнак вельмі любіць тэхніку, свой трактар даглядае як зрэнку вока. Калі рабіла гэты здымак, ён знаходзіўся на рамонце – так старанна круціў гайкі і балты, што не хацелася адрываць яго ад работы. Крыху пагутарыўшы з голасам з-пад трактара, я пайшла, а ў галаве круцілася думка, што менавіта за такой моладдзю будучае нашых вёсак.
Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.