Асоба Міхаіла Блішча ў нашым раёне – даволі вядомая.
Міхаіл Іванавіч актыўна прымае ўдзел у ваенна-патрыятычных мерапрыемствах, сустрэчах з моладдзю, на пасадзе намесніка старшыні ветэранскай арганізацыі адгукаецца на любыя прапановы расказаць пра наш край. Словам, чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. А яшчэ мой суразмоўца заснаваў асабісты музей. У наступным годзе гэтай неафіцыйнай установе споўніцца 30 гадоў.
Мне вельмі пашанцавала: Міхаіл Іванавіч запрасіў паглядзець на музей і яго каштоўныя экспанаты.
Як і ў сапраўдным музеі, тут нават маецца Кніга водгукаў і прапаноў. Госці, якія хоць раз апынуліся ў гэтым прыватным музеі, з задавальненнем пакідалі ўдзячныя запісы ўладальніку. Сапраўды, ніводнага крыўднага слова ці крытыкі. Толькі пазітыў.
Міхаіл Іванавіч – ураджэнец в. Заспа суседняга Рэчыцкага раёна. Ён з маленства цікавіўся гісторыяй і ганарыцца, што меў магчымасць быць знаёмым з удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны.
– Гэта былі людзі надзвычайнай сціпласці і пачуцця гонару за Вялікую Перамогу. Ніколі не чуў ад кагосьці з іх ані слова скаргі на жыццё ці хваробы, – успамінае пра ветэранаў спадар Блішч.
Ён добра памятае, з чаго пачалася доўгая любоў да гісторыі нашага краю. На вясковых хатах пасля вайны традыцыйна памяшчалі зорачкі – па колькасці ваяваўшых з гэтага дома. Здаецца, і зараз назаве тыя адрасы.
Сваім жыццёвым настаўнікам Міхаіл Іванавіч называе старшыню калгаса «Савецкая Беларусія» Пятра Паўлавіча Шклярэнку. Гэты чалавек выхоўваў у тагачасных вясковых хлапчукоў павагу да працы, пажылых людзей. Тую навуку ўладальнік хойніцкага хатняга музея праносіць праз усё жыццё і імкнецца перадаць хаця б крыху гэтых ведаў маладому пакаленню.
Кожная сценачка маленькага музея занята партрэтамі палкаводцаў, маршалаў Вялікай Айчыннай вайны. На падлозе стаяць артэфакты таго часу: шлёмы, каскі, капцілкі, гадзіннікі.
Тут можна прабыць цэлы дзень і не стаміцца – столькі цікавага сабраў за некалькі дзесяцігоддзяў аматар гісторыі.
Дзе б ні працаваў Міхаіл Іванавіч, там адразу з’яўляўся як мінімум куток з гісторыяй прадпрыемства і фотаздымкамі яго верных работнікаў. Такім жа чынам узбагацілася гісторыя Хойніцкага леспрамгаса. У час работы загадчыкам ліцэйскага інтэрната там дзейнічаў «Музейны пакой» з усімі магчымымі экспанатамі.
Паліцы літаральна ломяцца ад той колькасці папак з дакументамі, копіямі архіўных даведак і газетных копій. Мой паважаны суразмоўца кажа, што перад любым мерапрыемствам яму дастаткова зазірнуць у свае канспекты, каб асвяжыць у памяці факты па той ці іншай тэме – усё, ён гатовы расказваць аудыторыі.
Міхаіл Іванавіч ніколі не спыняецца ўзбагачаць музей і папаўняць свае веды. На шчасце, знаходзяцца і аднадумцы. З вялікай павагай і ўдзячнасцю энтузіяст называе сярод сваіх вялікіх памочнікаў дырэктара Судкоўскай сярэдняй школы Любоў Коўзік і такога ж аматара гісторыі Аляксандра Медвядкова. А яшчэ з цеплынёй кажа пра настаўнікаў і вучняў трэцяй гарадской школы, гімназіі, названай Судкоўскай школы і прафліцэя, дзе заўсёды рады бачыць такога цікавага госця.
Наша размова завяршаецца маім пытаннем: дзе Міхаіл Блішч знаходзіць натхненне даведвацца пра малую радзіму, вышукваць забытыя і страчаныя імёны ваяваўшых ураджэнцаў Хойнікшчыны? На гэта пачула імгненны адказ: раблю не столькі для сябе, колькі для моладзі – яны павінны ведаць нашых герояў, каб самім натхняцца іх подзвігамі. Такое нельга забыць, а важна помніць.
Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.