Сапраўднае свята адбылося ў нашай навучальнай установе: рабят прысвячалі ў гімназісты.
Закончыўшы чацвёрты клас, хлопчыкі і дзяўчынкі здавалі экзамены для пераходу ў старшую школу. Па выніках іспытаў 40 самых лепшых і моцных навучэнцаў сталі пяцікласнікамі. Аднак перайсці ў пяты клас яшчэ не азначае стаць сапраўдным гімназістам. Ускладняецца вучэбная праграма, асобныя прадметы выкладаюць розныя настаўнікі, што стварае пэўныя цяжкасці для адаптацыі ў новых умовах. Але, як паказалі вынікі паспяваемасці за першае паўгоддзе, ўсе навучэнцы паспяхова справіліся і маюць поўнае права насіць званне гімназіста.
Цырымонія прысвячэння ператварылася ў сапраўднае свята. Рабяты разам са сваімі бацькамі атрымалі многа эмоцый і прыемных уражанняў, а таксама змаглі праявіць свае таленты і здольнасці ў разнастайных конкурсах.
Дырэктар гімназіі Л.В. Лабада дала навучэнцам наказ на добрую вучобу і актыўнасць у грамадскім жыцці, пасля чаго рабяты ўрачыста прамовілі клятву быць смелымі, працавітымі, чэснымі, не падводзіць сваіх сяброў, бацькоў і настаўнікаў, з гонарам несці званне гімназіста.
Закончылася ўрачыстасць святочнай дыскатэкай, усе прысутныя сабраліся за салодкім сталом, дзе вялася ажыўленая размова з удзелам дзяцей, бацькоў і педагогаў навучальнай установы.
К. МАРЧАНКОВА,
намеснік дырэктара дзяржаўнай гімназіі
г. Хойнікі па выхаваўчай рабоце.