Грып і вострыя рэспіраторныя інфекцыі застаюцца адной з самых актуальных праблем аховы здароўя і з’яўляюцца адзінай інфекцыяй, якая выклікае эпідэміі і перыядычныя пандэміі. У канцы студзеня – пачатку лютага сёлета медыкі прагназуюць другую хвалю эпідэміі грыпу. У мароз арганізм мабілізуецца, але калі за акном мінус зменіцца на плюс, крывая захворваемасці можа пайсці ўверх. Таму як нельга дарэчы важнай і актуальнай на пасяджэнні райвыканкома была размова аб галоўнай меры абароны насельніцтва – правядзенні вакцынацыі супраць грыпу А (N1H1) . Прыводзім каментарыі.
Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Н.Р. Лагвінец:
– У Хойніцкім раёне значны эпідэмічны пад’ём захворваемасці грыпам летась працягваўся з лістапада да сярэдзіны снежня. Трэба адзначыць, што да 2009 года вострымі рэспіраторнымі захворваннямі ў раёне штогод хварэў кожны восьмы жыхар, у мінулым годзе – кожны трэці (у цэлым за перыяд эпідпад’ёму захварэлі 8198 чалавек, што склала больш за 34% ад усяго насельніцтва раёна).
Каб не дапусціць падобнага і не згубіць кантроль над сітуацыяй, трэба правесці імунізацыю насельніцтва, і зараз такая магчымасць ёсць.
Праведзеная летась планавая імунізацыя 9% насельніцтва супраць сезоннага грыпу (1930 чалавек за кошт сродкаў рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў, 82 – за кошт сродкаў прадпрыемстваў і асабістых сродкаў грамадзян) не дазволіла дасягнуць аптымальнага ўзроўню калектыўнага імунітэту, бо забяспечвае эфектыўную абарону ад сезоннага грыпу імунізацыя не менш 70% насельніцтва.
З 11 студзеня 2010 года гэта работа ўзноўлена. У раён паступіла вакцына супраць пандэмічнага грыпу А (N1H1). У першую чаргу вакцынацыі належаць медработнікі і спецыялісты, якія забяспечваюць бесперабойнае функцыяніраванне жыццёва важных служб (РАНС, РАУС, ЖКГ, транспарт, сувязь, энергазабеспячэнне і інш.). Вакцына бясплатная, у раён пастаўлена ў пачатку гэтага года ў колькасці 2430 доз для дзвюхкратнай імунізацыі 1215 чалавек.
Галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Ю.Г. Васілевіч:
– Масавасць захворвання ў час першай хвалі эпідэміі тлумачыцца тым, што грып гэты пандэмічны – ён ахоплівае краіны і кантыненты, першы яго выпадак быў зарэгістраваны ў 2009 годзе ў Конга.
У канцы мінулага года сітуацыя была вельмі сур’ёзнай. Каб хапіла месца хворым, у раённай бальніцы былі перапрафіліраваны два аддзяленні. Прыпыняўся вучэбны працэс у школах. Для вырашэння агульнай бяды быў задзейнічаны транспарт іншых арганізацый, за разуменне і падтрымку ў гэтым дзякуй усім кіраўнікам.
Пандэмічны грып характарызаваўся не толькі масавасцю, але і шырокім спектрам ускладненняў, сярод якіх найбольш частыя з боку лёгкіх – пнеўманіі розных форм складанасці.
У адрозненне ад бактэрый, вірусы паражаюць клеткі, пранікаючы ўнутр, таму ступень пашкоджвання тканак лёгкіх вельмі высокая. Спецыфічных прэпаратаў, уздзейнічаючых на вірусы, як антыбіётыкі на бактэрыі, у цяперашні час не існуе. Лепшы спосаб знізіць шанц падхапіць вірус і пазбавіцца небяспечных ускладненняў – вакцынацыя. Медыкі цэнтральнай раённай бальніцы зараз актыўна працуюць у гэтым напрамку, ужо прышчэплены больш за 500 чалавек першачарговага кантынгенту.
Уводзіцца вакцына супраць грыпу А (N1H1) у арганізм не ін’екцыйна, а па кроплях у нос двойчы з перапынкам 10 дзён.
Запісала Ірына ЛУКАШЭНКА.