У агульную канву мерапрыемстваў, прысвечаных 70-й гадавіне Вялікай Перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі, арганічна ўпісаліся і асабістыя людскія падзеі.
Так, героем свята быў ветэран Вялікай Айчыннай вайны, жыхар нашага горада Сцяпан Фёдаравіч Кашэдаў. Споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння яго вернай спадарожніцы жыцця Марыі Паўлаўны, а самае галоўнае – прайшло роўна 65 гадоў, як муж і жонка Кашэдавы (на здымку) ідуць разам па жыцці. 6 мая гэтыя сямейныя ўрачыстасці для сваіх бацькоў у рэстаране «Палессе» наладзілі іх дзеці. Удзячныя нашчадкі распрацавалі ўласны сцэнарый святкавання, у якім уся ўвага была аддадзена самым дарагім людзям на зямлі.
– Мне ніяк не верыцца, што пражыла ўжо столькі гадоў, дачакалася са Сцяпанам Фёдаравічам жалезнага вяселля, – расказвае Марыя Паўлаўна. – Здаецца, толькі ўчора былі нашы спатканні, а вось ужо і ўнукаў ажанілі, праўнукаў дачакаліся.
Слухаючы яе шчырую споведзь, яскрава ўявіла сабе, як малады юнак, загартаваны вайной, вярнуўшыся пасля службы ў арміі ў сваю вёску Чумашкі, што ў Купінскім раёне Новасібірскай вобласці, імкліва крочыць да сваёй каханай. Сустрэча радуе яго і хвалюе, бо хоча зрабіць ёй прапанову рукі і сэрца. Упэўнены Сцяпан, што ніколі яе не пакрыўдзіць, пальцам ніколі не кране.
– 65 гадоў праляцелі, як адно імгненне, – працягвае свае ўспаміны Марыя Паўлаўна. – Ніколі не чула ў свой адрас ад мужа ні грубага слова, ні злога дакору. У каханні ды згодзе ладзілі жыллё, расцілі сваіх дзетак. Усе яны – эканаміст Таня, інжынер Юрый, медсястра Жэня – жывуць са сваімі сем’ямі ў Санкт-Пецярбургу.
І толькі вялікая сціпласць не дазволіла Марыі Паўлаўне нагадаць тое, што разам са Сцяпанам Фёдаравічам яны выхавалі і чацвёра дзяцей трагічна пайшоўшай з жыцця яе сястры.
Усе яны прыйшлі павіншаваць сваіх бацькоў з жалезным юбілеем. Прыйшлі не адны, а са сваімі сем’ямі, і дом №138 па вуліцы Савецкая нашага райцэнтра ў момант напоўніўся вясёлымі галасамі, жартамі, смехам.
Дарослыя цяпер дзеці таксама з задавальненнем успамінаюць сваё дзяцінства, якое прайшло ў гэтым доме.
– Мы раслі ў патрабавальнай сямейнай атмасферы, – заўважае дачка Кашэдавых Таццяна. – З дзяцінства вучыліся пазнаваць і любіць працу, няма ў нашай сям’і ні п’яніц, ні хуліганаў. Жылі хаця і бедна, але дружна і весела. Часта па вечарах у вольны ад працы час тата браў у рукі гармонік, садзіўся на лавачку, імгненна сюды збіраліся суседзі, моладзь завіхалася ў танцах, а старэйшыя зацягвалі народную песню.
А жыццё ў Кашэдавых сапраўды было нялёгкім. Даводзілася ў нястомнай працы здабываць кожную капейку. Сцяпан Фёдаравіч пайшоў на пенсію з пасады брыгадзіра лесапільнага цэха Хойніцкага лясгаса, а Марыя Паўлаўна ўсё жыццё працавала швачкай у камбінаце бытавога абслугоўвання насельніцтва. На яе кволых плячах была дамашняя работа: трэба было ўсіх дзетак і абуць, і адзець, і накарміць. Якіх толькі выпрабаванняў ні прыпадносіў лёс, але моцнае каханне, вернасць адзін другому Кашэдавы захавалі на ўсе гады – да самага жалезнага вяселля.
– Бывалі ў нашай сям’і розныя часы, – дзеліцца сакрэтамі шчаслівага шлюбу Сцяпан Фёдаравіч. – Але галоўнае, што мы ўвесь час жылі ў ладзе і згодзе, не зважаючы ўвагі на цяжкасці. Здаралася, што і спрачаліся адзін з адным, адстойваючы сваю кропку гледжання, але жыццё усё расстаўляла на сваё месца. Галоўнае, што былі ўзаемаразуменне і павага – без гэтага сямейнае шчасце не пабудуеш.
Пакідала я іх дом і зайзд-росціла па-добраму іх сямейнаму шчасцю, таму што змаглі паважаныя юбіляры беражліва пранесці па жыцці высокія пачуцці кахання і вернасці. І сёння Сцяпан Фёдаравіч і Марыя Паўлаўна з упэўненасцю сцвярджаюць: калі б можна было ўсё з пачатку паўтарыць, то толькі са сваёй і сваім адзіным. Яны быццам маладзеюць, калі ў думках вяртаюцца ў гады сваёй маладосці, бо менавіта тады яны заключылі сямейны саюз, які сёння не разбурыць нікому. За гэта Кашэдавы ўдзячны лёсу. Застаецца пажадаць героям гэтага матэрыялу, каб яны адзначылі і царскі юбілей сумеснага жыцця, а іх дзеці і ўнукі таксама знайшлі свае сямейныя каштоўнасці.
Жалезны вясельны юбілей – рэдкая падзея, якая сведчыць аб трываласці сямейных сувязей. Час здольны разбурыць і камень, але каханне, праверанае такім тэрмінам, нішто і ніхто не зможа зламаць. Кашэдавы ўжо ўсім усё даказалі. І цяпер па праву цешацца ўвагай сваіх дзяцей і ўнукаў.
Клаўдзія БОСАК.
Фота Алены СМУСЯНОК.