Гарантыя поспеху

Сельское хозяйство

Калі весці размову аб шляхах рэфарміравання аграпрамысловага комплексу нашай краіны, то на маю думку, трэба ўлічваць два аспекты. Па-першае, рэфарміраванне сельскай гаспадаркі Беларусі нельга весці ў адрыве ад агульных тэндэнцый развіцця сельгасвытворчасці, якія дамінуюць ва ўсіх астатніх краінах свету, перш за ўсё ў краінах СНД, Прыбалтыкі і Еўрасаюза, бо менавіта яны ў першую чаргу з’яўляюцца нашымі рэальнымі і патэнцыяльнымі партнёрамі. А яшчэ іх кліматычныя ўмовы, характар глеб і іншыя прыродныя рэсурсы ў многім блізкія да нашых, а таму іх вопыт развіцця найбольш прымальны для нас. І мы павінны браць і ўкараняць усё лепшае, што дасягнута ў працэсе развіцця і ўдасканальвання аграпрамысловага комплексу гэтых краін.

Па-другое, лічу, што кіраўніцтвам нашай краіны ў цэлым выбраны правільны, разумны і эканамічна абгрунтаваны стратэгічны напрамак рэформ у сельгасвытворчасці. Патрэбна толькі больш рашуча і настойліва дабівацца намечанага і яго няўхільнага ўкаранення ў практыку.

У галіне раслінаводства гэта абавязковае і паўсюднае прымяненне шыроказахопнай глебаапрацоўчай тэхнікі, укараненне такога агратэхнічнага прыёму, як мінімальная апрацоўка глебы, шырокае прымяненне эфектыўных сродкаў аховы раслін у адпаведнасці з тэхналагічнымі параметрамі, абавязковая запраўка глебы мінеральнымі ўгнаеннямі. Акрамя таго, на ўласным вопыце пераканаўся ў тым, што для атрымання высокіх ураджаяў сельгаскультур сеяць трэба насеннем эліты і суперэліты і адмаўляцца ад другой і трэцяй рэпрадукцый. Менавіта так мы і імкнемся весці сваю раслінаводчую гаспадарку. Па праграме сортаабмену набываем элітнае насенне ў СПК “Прагрэс” Гродненскага раёна. За кошт гэтага, а таксама ўкаранення новых тэхналогій у жывёлагадоўлі, яе аўтаматызацыі і механізацыі, нам удалося дабіцца рэалізацыі прадукцыі на аднаго працуючага на суму 32 мільёны рублёў. Акрамя таго, гэта дазваляе скараціць колькасць працуючых, а значыць знізіць сабекошт выпускаемай прадукцыі.

Калі гаварыць аб жывёлагадоўлі, то і тут патрэбна смела ісці на ўкараненне новых тэхналогій як у малочнай галіне, так і на дарошчванні і адкорме. А пачынаць трэба з жывёлагадоўчых памяшканняў, бо мы ніколі не даб’ёмся высокіх вынікаў, калі будзем трымаць жывёлу на холадзе і скразняках, ды яшчэ і ў гноевай жыжыцы. Таму нягледзячы на затраты неабходна смела ісці на будаўніцтва сучасных ферм і жывёлагадоўчых комплексаў, якія потым абавязкова акупяцца.

Нашаму комплексу ў Тунеўшчыне яшчэ толькі два месяцы, але нельга не заўважыць, як, нават знешне, у лепшы бок змянілася жывёла, якая на ім утрымліваецца! Ды і ўмовы для працы людзей тут створаны самыя камфортныя, таму вынік абавязкова павінен быць.

Яшчэ хацелася б мець больш практычнай аддачы ад шматлікіх спецыялізаваных па галінах сельгасвытворчасці навукова-даследчых інстытутаў, якія працуюць сёння ў сістэме Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь. Шчыра кажучы, не вельмі часта радуюць яны практыкаў сваімі тэарэтычнымі абгрунтаванымі і апрабіраванымі распрацоўкамі, вартымі паўсюднага ўкаранення. Іншым разам нават узнікае думка аб тым, што мы больш разважаем аб інавацыях у сельскай гаспадарцы, чым робім рэальныя крокі ў гэтым напрамку.


В. КАРАЛЬЧУК,
дырэктар КСУП імя Мележа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *