Езапоўская малочнатаварная ферма ў агракамбінаце “Віць” з’яўляецца адной з самых буйных. На пачатак года адзін толькі дойны статак налічваў тут 310 галоў жывёлы, і зараз у двух жывёлагадоўчых памяшканнях, дзе ён утрымліваецца, працуюць 8 аператараў машыннага даення. Пры падвядзенні вынікаў работы за мінулы год лепшай не толькі сярод іх, але і ва ўсім агракамбінаце “Віць” стала Таццяна Уладзіміраўна Шчогалева, у якой сярэдні надой ад каровы летась склаў 5820 кілаграмаў малака.
Такі высокі працоўны паказчык жанчынай дасягнуты не толькі дзякуючы яе працавітасці, стараннасці і ўменню, але і той выдатнай школе працоўнага майстэрства, якую яна з дзяцінства атрымлівала ад сваёй маці А.А. Ушаковай – аднаго з лепшых майстроў машыннага даення, якая не аднойчы выходзіла пераможцай у прафесійных конкурсах раённага і абласнога ўзроўняў і чыё імя было занесена на раённую Дошку гонару. Аляксандра Адольфаўна і ў мінулым годзе таксама перашагнула высокі 5-тысячны рубеж, атрымаўшы ад кожнай каровы сваёй групы па 5380 кілаграмаў малака.
І дачка, і маці даглядаюць па 40 кароў. Зімоўка ў цяперашнім сезоне складваецца куды больш спрыяльнай для высокіх надояў, чым у годзе мінулым. Летам і восенню пастараліся корманарыхтоўшчыкі гаспадаркі, і сёння жывёла атрымлівае ўсё неабходнае для паўнацэннага і збалансаванага рацыёну: каровам удосталь хапае кукурузнага зерня, сенажу, сена, кармавых буракоў, камбікармоў і шроту. Таму і сярэднясутачныя надоі ад каровы па гэтай ферме зараз складаюць 9,6 кг малака, што для зімовага перыяду зусім нядрэнна.
На работу Таццяны Уладзіміраўны і яе маці не нарадуецца загадчык Езапоўскай МТФ Міхаіл Міхайлавіч Худзенка.
– Аляксандра Адольфаўна даўно прыклад для работнікаў нашай фермы, – гаворыць ён. – А вось поспех яе дачкі прыемна здзівіў і парадаваў: усяго толькі два гады прайшло з таго дня, калі яна пачала працаваць спачатку падменнай даяркай, а потым атрымала сваю групу кароў. На будучы год ставім ёй задачу дасягнуць 6 тысяч кілаграмаў малака ад каровы. Мяркую, што такі паказчык Таццяне Уладзіміраўне цалкам пад сілу, тым болей, што сёлета да гэтага знакавага рубяжу ёй не хапіла ўсяго 180 кілаграмаў.
Задаволена работай фермы і намеснік дырэктара агракамбіната “Віць” па ідэалагічнай рабоце Ала Пятроўна Бордак.
– На сённяшні дзень на Езапоўскай МТФ склаўся на многае здольны і дружны калектыў, у якім пануе дзелавая і ўзаематаварыская атмасфера. Таму і радуюць паказчыкі яго работы.
Што ж датычыць сям’і Ушаковых, то акрамя Аляксандры Адольфаўны і Таццяны Уладзіміраўны, на гэтай жа ферме працуе слесарам муж і бацька Уладзімір Міхайлавіч. І ў тым, што ўсё неабходнае абсталяванне функцыяніруе без сур’ёзных збояў і паломак, ёсць і яго немалая заслуга. Такі вось выдатны прыклад здаровай сямейнасці і сфарміраваўшайся працоўнай дынастыі.
Таццяна Уладзіміраўна жыве ў райцэнтры па вуліцы Настольскай. І для таго, каб не спазніцца на ранішнюю дойку, якая пачынаецца ў 6 гадзін, ёй даводзіцца прачынацца далёка зацемна. Добра, што кіраўніцтва агракамбіната рэгулярна выдзяляе аўтатранспарт для падвозу людзей да месца працы. Аднак, як жа гэта няпроста – штодня ўставаць у 5 гадзін раніцы і не прысядаць да позняга вечара, бо акрамя занятасці на рабоце жанчына выхоўвае трох дзяцей, старэйшаму з якіх 12 гадоў. Аднак Таццяна Уладзіміраўна паспяхова спраўляецца як з прафесійнымі, так і з мацярынскімі абавязкамі. Гонар ёй за гэта і слава.
Віктар НАЗАРАНКА.