Каб выжыць у стыхіі рынку, многія арганізацыі асвойваюць новыя формы і метады работы, укараняюць дадатковыя паслугі насельніцтву. Вось і паштовыя аддзяленні сёння аказваюць не толькі паслугі сувязі, але і гандлююць харчовымі і нехарчовымі таварамі. Гэта выгадна для людзей, аднак, як і ў любым гандлі, тут неабходна захоўваць пэўныя патрабаванні санітарнага заканадаўства. На жаль, як паказалі праверкі, праведзеныя работнікамі райЦГЭ, да ўзорнага парадку яшчэ далёка.
У многіх аддзяленнях раённага вузла паштовай сувязі наогул няма належных санітарных умоў для ажыццяўлення такога гандлю. Адсутнічаюць чыстыя, сухія і добра праветрываемыя складскія памяшканні для захоўвання хлебабулачных вырабаў, спецыяльны пашпартызаваны аўтамабільны транспарт, на многіх месцах рэалізацыі хлебабулачных вырабаў няма спецыяльных шаф, полак, лапатак.
Работнікамі многіх паштовых аддзяленняў рэалізацыя хлеба ажыццяўляецца адначасова з аказаннем іншых паслуг насельніцтву, пры гэтым адсутнічае санітарная форма, што забаронена дзеючымі санітарнымі правіламі.
У Дварышчанскім аддзяленні сувязі працякае дах, у памяшканні, у якое завозіцца хлеб, холадна і вільготна. Хлебабулачныя вырабы па дамах прыватнага сектара развозяцца паштальёнам… на веласіпедзе. А ў вёску Навасёлкі хлеб з гэтага ж аддзялення паштовай сувязі прывозіцца паштальёнцы дадому, потым жанчына разносіць боханы па хатах вяскоўцаў. Аб якой санітарыі можа ісці размова ў такіх выпадках?
Пры праверцы аддзяленняў паштовай сувязі ў вёсках Вялікі Бор, Стралічава і Малішаў выяўлена рэалізацыя харчовай сыравіны без дакументаў, якія засведчваюць якасць і бяспеку. У некаторых прадаўцоў адсутнічала адзнака аб праходжанні перыядычнага медыцынскага агляду, і ўсе яны не прайшлі гігіенічнае навучанне па курсу санітарнага мінімуму.
За выяўленыя парушэнні санітарнага заканадаўства да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты начальнік Велікаборскага аддзялення паштовай сувязі і в.а. арганізатара рознічнага гандлю Хойніцкага раённага вузла паштовай сувязі. Вынесена пастанова аб забароне з 18 лютага рэалізацыі хлебабулачных вырабаў у паштовых аддзяленнях Хойніцкага РВПС.
Н. ЛАГВІНЕЦ,
галоўны дзяржаўны
санітарны ўрач раёна.