На базе ДЮСШ № 2 г. Гомеля прайшла абласная спартакіяда па настольнаму тэнісу. Удзел у ёй прынялі 112 спартсменаў з 14 раёнаў Гомельшчыны. Спаборніцтвы завяршыліся паспяхова для нашай зборнай.
Гонар Хойніцкага раёна адстойвала каманда, якую рыхтавалі трэнеры раённага фізкультурна-спартыўнага клуба С.В. Прыходзька і П.В. Турскі. У яе састаў увайшлі дзяўчаты Маргарыта Латаш і Ганна Бурак (Судкоўская СШ), Наталля Звягіна і Надзежда Ерафеенка (Паселіцкая СШ), а таксама юнакі Данііл Мануілаў і Антон Лабада (Паселіцкая СШ), Дзмітрый Харэцкі і Кірыл Лабада (гімназія г. Хойнікі). Трэніроўкі з рабятамі праводзяць па месцу вучобы настаўнікі С.А. Ільеў (гімназія г. Хойнікі), У.А. Сяргеенка (Судкоўская СШ) і Э.П. Сялецкі (Паселіцкая СШ).
У ходзе ўпартай барацьбы нашы дзяўчаты занялі другое месца ў турніры, а хлопцы – трэцяе. Па суме балаў каманда Хойніцкага раёна заняла першае агульнакаманднае месца, абышоўшы фаварытаў спартакіяды – тэнісістаў Гомельскага і Добрушскага раёнаў. Ганарымся юнымі спартсменамі!
Н. Кудрыцкая, студэнтка 5 курса ГДУ імя Ф. Скарыны.