Дзясяткі тэматычных лакацый – на любы густ, выязны гандаль і выдатны настрой: землякі аб’ядналіся ў аграгарадку Веляцін, каб уславіць бясцэнную сельскую працу.
Галоўнай тэмай вясковых падворкаў стала нацыянальная беларуская страва – дранікі, а восеньскія матывы і багаты агародны ўраджай прыўкрасілі гэтую яркую падзею.
Адразу варта падкрэсліць, які вялікі ўнёсак зрабілі жыхары Паселіцкай тэрыторыі, а таксама работнікі ўсіх арганізацый Паселіцкага сельсавета і асобна – работнікі ААТ «Веляцін Агра» пад кіраўніцтвам Аляксандра Краўчанкі. Тая ўвага, з якой самі людзі аднесліся да арганізацыі вялікай падзеі, – бясцэнная.
Госці раённага фестывалю працаўнікоў вёскі маглі пазнаёміцца з прыгожымі падворкамі ўсіх сельсаветаў нашага раёна. На кожнай лакацыі здзіўлялі сваімі вытанчанымі стравамі: напрыклад, стралічаўцы частавалі дранікамі з мачанкай, на падвор’і ў барысаўшчынскіх гаспадынь – дранікамі з грыбамі, а глінішчанскія майстрыхі – бульбянымі аладкамі з печы і на сале.
Ганаровымі гасцямі свята сталі кіраўнік раёна Дзмітрый Шпігановіч, лідар дэпутацкага корпуса Людміла Рудчанка і парламентарый Жанна Чарняўская.
Атмасфера прыгожага раённага свята, нагоду да якога стварылі нашы паважаныя аграрыі, была непераўзыдзеннай. Як многа было гасцей фестываля «Дажынкі-2026», столькі ж нашай хойніцкай гасціннасці.
Свае падворкі прэзентавалі не толькі прадстаўнікі сельсаветаў, але і калектыў Палескага запаведніка і ПВУ ААТ «Мілкавіта».
На паселіцкім падвор’і быў аншлаг. Тут ведаюць нямала рэцэптаў з дранікамі: ад дранікбургераў да любімых з дзяцінства дранікоў з яечняй на сале. На вялікаборскім падвор’і стол ламіўся ад частаванняў у атачэнні восеньскіх букетаў і нацюрмортаў. А судкоўцы прапаноўвалі набыць залацістую цыбулю, ладную бульбачку і свежую капустку, а потым зрабіць сэлфі, атрымаўшы ў падарунак духмянае яблычка.
Дарэчы, усіх, хто ехаў у Веляцін, сустракалі не проста хлебам-соллю, а сытным абедам. На цэнтральнай вуліцы дзяжурылі школьнікі, каб запрасіць да сябе за стол.
– Мы з сябрамі тыдзень рыхтаваліся, упрыгожвалі тут усё, – расказвае вучаніца Паселіцкай школы Ганна Краўчанка. – Я курачкі натушыла, бульбачкі наварыла, кампот і садавіна чакаюць.
Такія астраўкі гасціннасці дзейнічалі па ўсім аграгарадку – землякі ўсім рады.
Хлеб – усяму галава. А каравай з мукі новага ўраджаю вянчае ўсё свята! Асаблівае месца на свяце працаўнікоў вёскі займала выстава караваяў ад сельскагаспадарчых прадпрыемстваў нашага раёна. Кожны з іх – сімвал агульнай працы і павагі да зямлі, што ўрадзіла, да сонца, што сагрэла, і да рук, што ўзрасцілі.
Без магутнай тэхнікі сёння цяжка ўявіць сельскую працу. Але сэрцам яе ўсё яшчэ застаецца чалавек – працавіты, майстэрскі, наш зямляк! Выстава «жалезных волатаў» прыўкрасіла раённыя «Дажынкі-2026».
На галоўнай сцэне свята выканалі гімн нашай Радзімы і вынеслі караваі з цяперашняга ўраджаю. Да ўдзельнікаў вялікага свята працаўнікоў вёскі звярнуўся старшыня райвыканкама Дзмітрый Шпігановіч:
– Паважаныя аграрыі, хайнічане, госці фестывалю, мы падводзім вынікі вялізнай працы, цана якой высокая, а ўклад кожнага працаўніка – сапраўды бесцэнны. Важна памятаць словы Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Лукашэнкі: «Будзем з хлебам – будзем жыць!» А сёння мы з вамі – з хлебам.
Валавы збор збожжа на Хойнікшчыне ў гэтым годзе склаў 35 тысяч тон. На палях нашага раёна працавалі 30 збожжаўборачных камбайнаў. 20 экіпажаў намалацілі больш за 1 тысячу тон збожжа, 2 экіпажы перавысілі мяжу ў 2 тысячы тон. Дзякуй за працу калектывам сельгаспрадпрыемстваў, а таксама работнікам раённай энергагазінспекцыі, гомельскага ДСК, Палескага запаведніка, Паселіцкай школы, пракуратуры Брагінскага раёна, ДРБУ-155, Брагінскай ветстанцыі, завода ЖБВ, сярэдняй школы № 3 г. Хойнікі, ППУ ААТ «Мілкавіта» і РАНС за дапамогу ва ўборцы ўраджаю.
Кіраўнік раёна Дзмітрый Шпігановіч адкрыў чаргу прыгожага ўшанавання нашых паважаных працаўнікоў вёскі. Кожны, хто ў гэты дзень паднімаўся на сцэну, па праве заслужыў гучныя апладысменты і сапраўдную пашану, бо зрабіў асабісты ўклад у забеспячэнне харчовай бяспекі. Шчырае «дзякуй» гучала на сцэне раённых «Дажынак» ад старшыні раённага Савета дэпутатаў Людмілы Рудчанкі. Словы ўдзячнасці выказала землякам і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Жанна Чарняўская.
Ганаровую місію выканаў і першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Аляксандр Максімовіч.
Жанчынам, адважна працуючым у сельскай гаспадарцы, – асаблівая пашана. З вялікай павагай і ўвагай на свяце «Дажынкі-2026» ставіліся да гераінь Года беларускай жанчыны. Яны працуюць у сельскай гаспадарцы, працуюць у вёсцы, ад усяго сэрца перажываюць і клапоцяцца пра важнае для ўсіх нас – пра ўраджай.
Лідар раённага аддзялення партыі «Белая Русь» Людміла Рудчанка ўручыла цудоўным зямлячкам заслужаныя ўзнагароды і падарункі. Абсалютна ўсе прадстаўнікі грамадскіх арганізацый прыехалі выказаць заслужаную пашану аграрыям. Свае ўзнагароды ўручылі галоўным героям свята «Дажынкі-2026» лідар раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Марына Шпарун, старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Аксана Мяцельская і першы сакратар райкама БРСМ Арына Кавалёва.
Увесь гэты час на раённым свяце «Дажынкі-2026» у Веляціне кожны госць мог знайсці сабе занятак па душы. Для школьнікаў арганізавалі асаблівае забаўляльнае мерапрыемства-квест, ды яшчэ ў тэматыцы свята. Хлопцы і дзяўчаты ў складзе зборных сваёй школы спаборнічалі ў праходжанні саламянага лабірынта. Судзейская каманда назірала за гонкамі зверху, а самі вучні і цяпер у захапленні ад выпрабавання. У выніку трэцяе месца ў эстафеце-квесце заняла зборная Стралічаўскай школы. На другім месцы – юныя землякі з Паселіцкай СШ. Перамогу святкавалі хлопцы і дзяўчаты з Казялужскай школы.
Упрыгожваннем свята стала музычная група «Добрыя людзі». Кульмінацыяй «Дажынак-2026» у Веляціне стаў святочны феерверк – неба над Хойнікшчынай азарылася агнямі. Для людзей, якія ўвесь год працавалі на зямлі, гэты момант стаў прыгожай кропкай, сімвалам прызнання іх працы.
Але ў «Дажынак» ёсць добрая традыцыя – перадаваць эстафету далей. У наступным сезоне раённае свята ўраджаю прыме КСУП «Судкова». Пра гэта стала вядома на завяршэнні ўрачыстасці.
Наталля ІЎЛЕВА, Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтараў.






















































